Прэзідэнт Сербіі: Мы б маглі ўвесці смяротнае пакаранне, але станем у адзін шэраг з Беларуссю

Прэзідэнт Сербіі Аляксандр Вучыч звярнуўся да нацыі з нагоды двух выпадкаў страляніны з чалавечымі ахвярамі, што адбыліся цягам апошніх дзён у Сербіі.

05.05.2023 / 15:27

Аляксандр Вучыч. Скрышот відэа rts.ru

Аляксандр Вучыч заявіў сёння, што пасля ўчорашняй трагедыі ў Младэнавацы будуць прыняты экстранныя меры, адна з якіх — узмацненне жорсткасці ўмоў для валодання зброяй. На прэс-канферэнцыі ён выказаў спачуванні сем'ям загінулых у Бялградзе і ў Младэнавацы і сказаў ім, што «краіна адзіная ў болю і смутку».

Вучыч заявіў, што хацеў бы вярнуць у Сербіі смяротнае пакаранне для барацьбы з найбольш абуральнымі злачынствамі, але, падобна, не будзе спрабаваць рэалізаваць гэта, бо тады Сербія стане ў адзін шэраг з Беларуссю, адзінай краінай у Еўропе, дзе існуе смяротнае пакаранне.

«Я раней выступаў супраць смяротнага пакарання, але цяпер горка шкадую аб тым, што меў такія погляды», — заявіў Вучыч.

Нагадаем, што ў сераду 13-гадовы школьнік зладзіў стральбу ў адной са школ Бялграда, дзе забіў сем сваіх аднакласнікаў і ахоўніка. А ўчора вечарам у Младэнавацы 21-гадовы хлопец забіў восем чалавек. 

Nashaniva.com