Разведка ЗША: Расія наўрад ці здольная на «значнае наступленне» ва Украіне сёлета

Расія, хутчэй за ўсё, не зможа правесці значную наступальную аперацыю ва Украіне сёлета праз недахоп боепрыпасаў і жывой сілы — незалежна ад таго, ці будзе паспяховым украінскае контрнаступленне. Пра гэта заявіла дырэктарка Нацыянальнай разведкі ЗША Аўрыл Гейнс, піша «Украінская праўда» на падставе паведамлення CNN.

04.05.2023 / 19:11

Расійскія мабілізаваныя. Фота ілюстрацыйнае

«На самай справе, калі Расія не ініцыюе абавязковую мабілізацыю і не забяспечыць значныя пастаўкі боепрыпасаў ад трэціх бакоў у дадатак да ўжо наяўных паставак з Ірана і іншых краін, ёй будзе ўсё больш складана падтрымліваць нават сціплыя наступальныя аперацыі», — заявіла Гейнс у камітэце Сената па пытаннях Узброеных Сіл.

Паводле яе слоў, Пуцін, імаверна, паменшыў свае кароткатэрміновыя амбіцыі ва Украіне, каб лічыць перамогай «кансалідацыю кантролю над акупаванай тэрыторыяй на ўсходзе і поўдні Украіны, а таксама забеспячэнне таго, што Украіна ніколі не стане членам НАТА».

Нягледзячы на гэтую ацэнку, Гейнс лічыць малаверагодным, што Расія дамовіцца пра паўзу ў гэтым годзе, калі толькі палітычныя фактары «не зменяць мысленне» Пуціна. Гейнс таксама адзначыла, што расійскія войскі рыхтуюць «новыя абарончыя пазіцыі» напярэдадні ўкраінскага контрнаступлення, і што яны «атрымалі менш тэрыторыі ў красавіку, чым у любы з трох папярэдніх месяцаў».

Чытайце таксама:

Украіна стала хаваць ад саюзнікаў дэталі будучага контрнаступу — СМІ

Новая крамлёўская метадычка для прапагандыстаў маральна рыхтуе насельніцтва да ўкраінскага контрнаступлення

«Усё пачалося». Прыгожын заявіў, што УСУ пайшлі ў наступленне

Nashaniva.com