Памёр расійскі мадэльер Вячаслаў Зайцаў

Пра смерць вядомага на постсавецкай прасторы мадэльера паведамілі расійскія СМІ. Яму было 85 гадоў.

30.04.2023 / 21:32

Вячаслаў Зайцаў нарадзіўся ў 1938 годзе ў Іванаве.

У 1962 годзе скончыў Маскоўскі тэкстыльны інстытут па спецыяльнасці мастак-мадэльер. У 1982 годзе ён стаў мастацкім кіраўніком заснаванага Маскоўскага Дома моды і створанага на яго базе першага ў СССР Тэатра моды. У канцы 80-х яго вопратку пачалі паказваць на міжнародных тыднях моды. У той час ён фактычна быў галоўнай фігурай у савецкай модзе і прынамсі часткова захоўваў свае пазіцыі ў наступныя гады.

У 1993 годзе ўстанова была перайменаваная ў маскоўскі Дом моды Вячаслава Зайцава, дзе ён заняў пасаду генеральнага дырэктара. 

У агульным ліку мадэльер прадставіў больш за 70 калекцый адзення, некалькі ягоных твораў у 1999 годзе былі ўключаныя ў збор Траццякоўскай галерэі.

Сёння днём, як паведамляецца, Зайцава даставілі ў бальніцу са страўнікавым крывацёкам і адправілі ў рэанімацыю, дзе ён памёр.

Nashaniva.com