Завершаная выратавальная аперацыя ва Умані: 23 чалавекі загінулі, сярод іх 6 дзяцей

Пошукава-выратавальная аперацыя на месцы ўдару Расіі па шматпавярхоўцы ва ўкраінскім горадзе Умань Чаркаскай вобласці завершаная. У выніку атакі, якая адбылася 28 красавіка, загінулі 23 чалавекі. Сярод іх 6 дзяцей, параненыя 9 чалавек, паведаміў кіраўнік МУС Ігар Кліменка.

29.04.2023 / 17:55

Наступствы расійскай атакі ва Умані. Ракета трапіла ў жылы дом. Фота: МУС Украіны

З 23 загінулых 22 целы дасталі з-пад завалаў, яшчэ адзін чалавек памёр у бальніцы. Сярод загінулых — шасцёра дзяцей: трое хлопчыкаў (паўтара, 16 і 17 гадоў) і трое дзяўчат (8, 11 і 14 гадоў).

Усе загінулыя на гэты момант апазнаныя. Працаваў спецыяльны штаб, дзе сваякі маглі здаць біялагічныя ўзоры для ДНК-параўнання.

Выратаваныя з-пад завалаў 17 чалавек.

Яшчэ дзве жанчыны лічацца зніклымі без вестак.

«Усе службы спрацавалі зладжана і эфектыўна. Дзякуй ратавальнікам, паліцэйскім, работнікам камунальных службаў, дзясяткам уманчан, якія далучыліся да разбору абрушанага дома. Работа ішла вельмі хутка, усе спяшаліся. Да апошняга спадзяваліся знайсці пад заваламі жывых людзей», — адзначыў міністр.

Чытайце таксама:

«Божая кара за Умань». Украінская разведка заявіла, што ў Севастопалі знішчана дзесяць рэзервуараў з нафтапрадуктамі

«Глабальна мы гатовыя». Рэзнікаў расказаў, калі пачнецца ўкраінскі контрнаступ

Nashaniva.com