Міліцыя на чале працэсіі. Як у Мінску хавалі архіепіскапа Арцемія

На ўездзе на Чыжоўскія могілкі ў Мінску пахавальную працэсію архіепіскапа Арцемія сустракалі міліцыянты. З 17 архірэяў на пахаванні было чацвёра. На рытуал прыйшлі каля 100 чалавек. Беларус распавёў у фэйсбуку, як прайшло пахаванне Арцемія.

26.04.2023 / 09:11

На чале пахавальнай працэсіі архіепіскапа Арцемія ехала міліцэйская машына. За ёй — катафалк з партрэтам нябожчыка каля лабавога шкла і розныя машыны. На ўездзе каля брамы могілак — некалькі сілавікоў у форме.

Архіепіскап Арцемій (Кішчанка) памёр у ноч з 21 на 22 красавіка 2023. Яму быў бы 71 год — ён не дажыў да дня нараджэння тры дні. З 1996 па 2021 год ён быў кіраўніком Гродзенскай епархіі Беларускай праваслаўнай Царквы. З ім развіталіся ў Свята-Пакроўскім кафедральным саборы ў Гродне і павезлі ў Мінск на Чыжоўскія могілкі.

«Хуткім крокам іду па Чыжоўскіх могілках. Паспеў як раз, калі труну вынеслі з машыны. Вакол шмат людзей у рызах. Хоць, як мне сказалі дасведчаныя людзі, архірэяў на пахаванні было толькі чацвёра з сямнаццаці, што выклікае зразумелае здзіўленне. У праваслаўнай традыцыі на пахаванне субрата звычайна збіраюцца ўсе гэтага чыну», — здзівіўся мужчына.

Магілу архіепіскапа Арцемія размясцілі паміж магіламі яго мамы і сястры. Усю службы спявалі «Христос воскресе из мертвых, смертию смерть поправ и сущим во гробах живот даровал…». Магілу выслалі яловымі галінкамі. Былі аднаразовыя сурвэткі для тых, хто кідаў пясок на труну.

«Людзей, на здзіўленне, мала. Каля ста чалавек. Чамусьці думаў, што збярэцца ўвесь Мінск. Тым больш, што сёння выходны. Сустракаюся поглядамі са знаёмымі, раскланьваюся. Светлы сум на тварах. У вачах — слёзы. У руках кветкі. Белыя і чырвоныя. Падпяваю там, дзе магу», — распавёў мужчына.

Мітрапаліт Веніямін узначаліў цырымонію развітання. Ён распавёў кароткую біяграфію нябожчыка. Паводле яго слоў, тое, што сыход здарыўся ў велікодныя дні, «некалькі змякчае горыч страты». Адзначылі працу ў Гродзенскай дыяцэзіі, ініцыятывы, якія былі ўвасоблены дзякуючы Уладыку.

«Чамусьці чакаў, што прагучыць хаця б сімвалічная просьба з боку мітрапаліта «дараваць грахі». Вось гэта было б сапраўды «значным»! Бо архіепіскапа без яго згоды адправілі «на спакой» за бескампрамісную пазіцыю, якую ён не раз агучыў з кафедры, асуджаючы бязмежжа, якое дзеецца, і заступаючыся за беларусаў, кажучы адкрыта чыноўнікам і сілавікам — «вы робіце не паводле Евангелля». Перажыванні апошніх гадоў, адстаўка, ціск з розных бакоў (тыя самыя пералічаныя мітрапалітам «клопаты, перажыванні, трывогі») — падарвалі і без таго слабое здароўе Уладыкі Арцемія», — падзяліўся мужчына.

Пасля прамовы быў пацалунак. Мітрапаліт Веніямін, архіепіскап Антоній і некалькі іерархаў падыходзілі да труны і, зняўшы галаўныя ўборы, цалавалі нябожчыка. Пасля прамовы далі магчымасць жадаючым развітацца.

«Было відаць, як простыя людзі і святары шчыра аддаюць даніну павагі і любові чалавеку, які не на словах, а на справе любіў Госпада і служыў яму. Слёзы, кветкі, у соты раз прапеты гімн надзеі».

«Страціўшы высокае становішча, ён захаваў сумленне, павагу і месца ў гісторыі». За што мы шануем уладыку Арцемія

«Усё, што спушчана зверху, — усё святое». Архіепіскап Арцемій раскрыў, чаму стаў непажаданым для РПЦ

Былы архіепіскап Гродзенскі Арцемій: Як хочацца памерці так, каб не было сорамна, што я святар!

Nashaniva.com