Большасць прыватных аптэк хутка не змогуць прадаваць лекі па рэцэптах

Новая пастанова Міністэрства аховы здароўя ўносіць сур'ёзныя змены ў працу аптэчных сетак, звяртае ўвагу Tochka.by.

12.04.2023 / 14:06

З 1 чэрвеня не ўсе аптэкі змогуць прадаваць лекі па рэцэптах дактароў. Пра гэта распавялі ў прэс-службе Міністэрства аховы здароўя.

Адпаведная інфармацыя з'явілася і на сайце «Белфармацыі»: там ужо атрыманы адрасы тых пунктаў рэалізацыі лекаў, дзе купіць рэцэптурныя прэпараты будзе можна.

Дакументам, які Міністэрства аховы здароўя прыняло яшчэ ў канцы студзеня, уводзяцца змены, якія тычацца аптэк пятай катэгорыі (невялікіх аптэк). У асноўным гэта аптэкі прыватныя.

«З 1 чэрвеня 2023 года змененыя правілы водпуску з аптэк лекавых прэпаратаў па рэцэптах дактароў», — гаворыцца ў паведамленні ведамства.

Tochka.by патэлефанавала ў даведачную аптэк Мінска і ўдакладніла, дзе потым купляць лекі па рэцэпце.

«Гэта будзе з 1 чэрвеня, цяпер вы можаце ў любой аптэцы купіць. Закране аптэкі пятай катэгорыі, якія не адпускаюць [лекі] па льготных і бясплатных рэцэптах. Дзяржаўныя аптэкі будуць адпускаць па рэцэптах. А прыватныя пятай катэгорыі не будуць», — удакладнілі ў даведачнай аптэчнай сетцы.

Там дадалі, што не ўсе прыватныя аптэкі адносяцца да пятай катэгорыі — у некаторых набыць рэцэптурных прэпараты можна будзе і потым.

У новым дакуменце ёсць маленькае выключэнне: аптэкі пятай катэгорыі змогуць, як і раней, прадаваць лекі па рэцэптах, калі яны ажыццяўляюць бясплатнае і льготнае забеспячэнне асобных катэгорый грамадзян лекамі і перавязачнымі матэрыяламі.

Аптэк стане менш?

Яшчэ адно змяненне, якое адаб'ецца на працы аптэчных сетак, тычыцца іх размяшчэння. Цяпер аптэкі першай-пятай катэгорый могуць размяшчацца ў нежылых памяшканнях толькі, калі ў радыусе 500 метраў няма іншых аптэк. У адным будынку — не больш за адну аптэку.

Ёсць навіна і для тых, хто хоча адкрыць аптэку пятай катэгорыі (гэта адносна невялікія памяшканні, плошчай не менш за 15 «квадратаў», асаблівых патрабаванняў да іх раней не прад'яўлялася). Цяпер жа, пры адкрыцці такой маленькай аптэкі, у горадзе трэба адкрыць аптэкі «узроўнем вышэйшым».

«Для адкрыцця аптэкі пятай катэгорыі неабходна адкрыць аптэку першай або другой катэгорыі ў адміністрацыйным цэнтры адміністрацыйна-тэрытарыяльнай адзінкі, на тэрыторыі якой ствараецца аптэка пятай катэгорыі, з улікам патрабаванняў па адлегласці паміж аптэкамі і размяшчэнні ў нежылых памяшканнях», — растлумачылі ў Міністэрстве.

Іншымі словамі, адкрыць маленькую аптэку цяпер будзе складаней, калі ў горадзе ў сеткі няма аптэкі большай. Праўда, у невялікіх райцэнтрах не заўсёды ёсць неабходнасць у такіх вялікіх пунктах.

Па законе, аптэкі першай катэгорыі могуць вырабляць і фасаваць некаторыя лекавыя сродкі па індывідуальных рэцэптах, а таксама маюць права рэалізоўваць лекі оптам бальніцам і паліклінікам, плошчай яны не менш за 100 квадратных метраў (ёсць вытворчыя памяшканні, месцы для захоўвання прэпаратаў і іншыя сур'ёзныя патрабаванні).

Аптэкі другой катэгорыі — таксама досыць вялікія, плошчай не менш за 60 «квадратаў», у якіх ёсць гандлёвая зала, памяшканні для захоўвання.

Аптэкі пятай катэгорыі — больш дробныя. Яны прадаюць лекі ў «месцах скаплення насельніцтва» (крамы, рынкі, вакзалы, гасцініцы). Для такога адкрыцця пункту продажу лекаў у юрыдычныя асобы павінны быць у сетцы таксама аптэкі і першай-другой катэгорыі.

Мінздароўя ўвяло новыя правілы для аптэк. Іх стане менш: хочуць прыдушыць канкурэнтаў «БелФармацыі»

Ліквідуецца кампанія — уладальнік «Любімых аптэк»

Мінздароўя забараніла размяшчаць аптэкі бліжэй, чым 500 метраў адна ад другой

Nashaniva.com