Дарагія сродкі для чысткі заменіць воцат

Воцат эфектыўна дапаможа пазбавіцца ад плям, ачысціць забруджаныя паверхні і надасць бляск мэблі.

10.04.2023 / 20:44

Воцат выдатна чысціць

Для чысткі вам спатрэбіцца развесці ў роўных долях воцат і ваду. Змочанай у гэтым растворы анучкай з мяккай тканіны можна працерці пыл з розных прадметаў, у тым ліку з камп'ютара ці прынтара. Змочаным ватным тампонам лёгка ачысціцца клавіятура кампʼютара ці панэль кнопкавага тэлефона. Толькі не забудзьцеся перад гэтым адключыць прыбор ад сілкавання.

Такі ж раствор дапаможа ачысціць ад пылу венецыянскія жалюзі на вашым акне. Для гэтага неабходна надзець на руку баваўняную пальчатку і змачыць пальцы ў растворы. Затым пальцамі правесці па баках кожнай пласцінкі. Перыядычна неабходна апалоскваць пальчатку ў чыстай вадзе.

Чысты воцат дапаможа зняць налепкі і цэннікі, размешчаныя на мэблі, шкле ці пластыку. Для гэтага трэба змачыць вуглы і бакі этыкетак. Калі яны размокнуць — саскрэбці пластыкавай карткай. Калі засталіся ліпкія рэшткі, то іх зноў трэба намачыць воцатам і саскрэбці. Праз некалькі хвілін пасля гэтага паверхню трэба працерці чыстай тканінай.

Воцат прачысціць злівы і здыме непрыемныя пахі

Сумесь воцату і харчовай соды дапаможа прачысціць каналізацыю. Такі спосаб больш эканамічны і менш агрэсіўны, чым любы іншы хімічны сродак. У варонку зліву спачатку высыпце палову шклянкі (125 мл) харчовай соды, затым заліце туды шклянку (250 мл) воцату. Пасля таго, як пена, атрыманая ў выніку гашэння соды воцатам, знікне, змыйце ўсё цёплай вадой з-пад крана. Праз 5 хвілін змыйце ўжо халоднай вадой.

Воцат дапаможа пазбавіцца ад паху цыгарэт. Для гэтага неабходна ім намачыць тканіну і трохі ёю памахаць у пакоі.

Калі ж нешта падгарэла на кухні, то пазбавіцца ад паху дапаможа неглыбокая міска, напоўненая на тры чвэрці яблычным воцатам. Пах павінен знікнуць праз суткі.

Лустачка белага хлеба, змочаная ў воцаце, дапаможа пазбавіцца ад непрыемнага паху ланч-бокса: хлеб трэба пакінуць у ім на ноч.

Дзве шклянкі воцату, залітыя на ноч ва ўнітаз, дапамогуць яго прадэзынфікаваць і ачысціць.

Воцат адчысціць ванну ад каменю

Воцат дапаможа вярнуць бляск вашым ракавінам і ваннам. Для гэтага дастаткова іх працерці анучкай, змочанай у чыстым воцаце.

Пазбавіцца ад плям, створаных жорсткай вадой, дапамогуць тры шклянкі воцату, якія заліваюцца ў ванну і раствараюцца ў гарачай вадзе. Вада павінна закрыць усе плямы. Затым даюць чатыры гадзіны пастаяць. За гэты час плямы павінны размякчыцца. Ваду зліваюць і саскрабаюць плямы. Каб аднавіць колер на месцы плям, неабходна іх працерці зубной шчоткай, змочанай у воцаце.

Каб выдаліць непрыемныя плямы ад вады з дзвярэй душавой кабіны і зрабіць іх бліскучымі, неабходна іх працерці тканінай, змочанай у сумесі паловы шклянкі воцату, шклянкі нашатырнага спірту, чвэрці шклянкі харчовай соды і 3,5 літра (14 шклянак) гарачай вады.

Тканінай, змочанай у воцаце, добра ачышчаюцца краны, сушылкі для ручнікоў, люстэркі і дзвярныя ручкі.

А зняць вапнавыя адклады з душавых насадак дапаможа іх змяшчэнне на 10 хвілін у сумесь 4 шклянак кіпеню і паловы шклянкі воцату. Калі ў насадак ёсць пластыкавыя часткі, то вада павінна быць проста гарачай. Калі насадка не здымаецца, то яе змяшчаюць у поліэтыленавы пакет, які напаўняюць воцатам і пакідаюць на гадзіну. Затым пакет здымаюць і праціраюць насадку.

Воцатам чысцяць дываны

Воцат дапаможа пазбавіцца ад хімікатаў, пылу і непрыемных пахаў, якія ўвабрала ваша адзенне. Для гэтага дастаткова дадаць 1 шклянку (250 мл) воцату ў пральную машыну.

Воцат дапаможа захаваць колеры адзення і не дасць пафарбаваць іншыя рэчы. Для гэтага перад мыццём трэба замачыць новае адзенне ў некалькіх шклянках неразведзенага воцату на 10—15 хвілін.

Для таго, каб пачысціць і асвяжыць фарбы дываноў, трэба іх пачысціць шчоткай, змочанай у растворы адной шклянкі воцату і 3,5 літра вады. Пасля чысткі трэба проста даць высахнуць.

Калі на дыванах ёсць старыя плямы, то іх можна адчысціць з дапамогай сумесі 2 сталовых лыжак (30 мг) солі і паловы шклянкі воцату. Яе наносяць на пляму і даюць высахнуць. Затым пыласосяць. Калі ж плямы вялікія і цёмныя, то ў раствор дабаўляюць 35 мг буры (тэтрабарату натрыю).

Для вывядзення вельмі стойкіх плям спатрэбіцца паста, прыгатаваная з адной сталовай лыжкі воцату і такой жа колькасці кукурузнага крухмалу. Гэтай пастай трэба энергічна пацерці пляму сухой анучкай і пакінуць на два дні. Затым прапыласосіць.

Можна зрабіць раствор для вывядзення плям. Для гэтага спатрэбяцца дзве бутэлькі з распыляльнікам. Першую напаўняюць растворам з пяці частак вады і адной часткі воцату. У другую на пяць частак вады дадаюць адну частку нашатырнага спірту. Спачатку пляму намочваюць растворам з воцату. Пакідаюць на некалькі хвілін, а затым прасушваюць чыстай сухой тканінай. Пасля гэтага на пляму распыляюць раствор з нашатырным спіртам. Так паўтараюць да той пары, пакуль пляма не знікне.

Воцат вяртае бель шкарпэткам

Воцат дапаможа вярнуць яркасць белым шкарпэткам. Для гэтага ў каструлі разводзяць 1 шклянку воцату і 6 шклянак вады (1,5 літра). Даводзяць да кіпення і пераліваюць у міску ці вядро, куды змяшчаюць шкарпэткі, і пакідаюць на ноч. На наступны дзень мыюць, як звычайна.

Воцат таксама дапаможа адбяліць пажоўклую бялізну. Для гэтага яе неабходна замачыць на ноч у растворы 1 часткі воцату і 12 частак цёплай вады.

Воцат заменіць змякчальнік для вады і бялізны. Для гэтага ў пральную машыну дадаюць 1 шклянку воцату перад пачаткам прання. Адначасова воцат дапаможа пазбавіцца ад бактэрый і ажывіць колеры (у апошнім выпадку будзе дастаткова і паловы шклянкі).

Воцат і дрэва

Калі ў доме ёсць драўляныя панэлі, то надаць ім свежасць і бляск дапаможа нанясенне на іх раствору з літра вады, 4 сталовых лыжак воцату і 2 сталовых лыжак аліўкавага алею. Дрэву даюць увабраць у сябе гэту сумесь, а затым паліруюць сухой анучкай.

Раствор яблычнага воцату і ёду дапаможа замаскіраваць драпіны на драўляных паверхнях. Для гэтага яго з дапамогай пэндзліка наносяць на драпіну. Для цёмных парод дрэва ў раствор дадаюць больш ёду. Калі дрэва светлае — больш воцату.

Воцат супраць плямаў тлушчу

Ачысціць ад тлушчу ракавіну, духоўку ці кухонны стол дапаможа раствор воцату і вады (1:1).

2—3 сталовыя лыжкі воцату можна дадаць у мыйны сродак і ўзбоўтаць. Гэта павялічыць здольнасць сродку ачышчаць тлушч. Акрамя таго, гэты раствор будзе нейтралізаваць пахі.

Воцат для чысткі халадзільніка і мікрахвалёўкі.

Сумессю воцату і вады (1:1) мыюць халадзільнік як знутры, так і звонку, у тым ліку пракладкі дзвярэй і скрыні для прадуктаў. Каб прадухіліць зʼяўленне плесні, трэба працерці ўнутраныя сценкі і ўнутраныя часткі скрыняў для захоўвання анучкай, змочанай чыстым воцатам.

А для чысткі мікрахвалёўкі неабходна ў яе змясціць міску, напоўненую растворам адной шклянкі вады і чвэрці шклянкі воцату. Затым гэта сумесь разаграваецца пяць хвілін на максімальнай магутнасці. Пасля таго, як вадкасць астыне, мікрахвалёўку праціраюць губкай ці тканінай, змочанай у ёй.

Воцат дэзынфікуе

Вядома, што воцат — гэта эфектыўны сродак, які дэзынфікуе. Ён забівае кішэчную палачку, бактэрыі сальманелы і стафілакока. Таму рэкамендуецца ім апрацоўваць кухонныя дошкі пасля кожнага выкарыстання. Калі дошка зроблена з дрэва, то спачатку яе паверхню пасыпаюць харчовай содай, а затым апырскваюць воцатам. Праз пяць хвілін дошку праціраюць тканінай, змочанай у халоднай вадзе.

Воцат замест праса

Для таго, каб выпрастаць зморшчыны на адзенні, дастаткова яго апырскаць растворам воцату і вады (1:3). Каля яно добра прамокне, трэба павесіць і сушыць на адкрытым паветры.

Воцат для чысткі посуду і ювелірных вырабаў

Для таго, каб вярнуць бляск срэбным вырабам, дастаткова іх замачыць на дзве-тры гадзіны ў сумесі паловы шклянкі воцату і 2 сталовых лыжак харчовай соды. Затым добра прамыць вадою і выцерці мяккай тканінай.

Сумесь воцату і соды (1:1) дапаможа вярнуць бляск медным і бронзавым вырабам. Для гэтага спачатку трэба пачакаць, пакуль скончыцца рэакцыя гашэння соды. Затым пастай з дапамогай мяккай тканіны паліруюць вырабы да той пары, пакуль не знікне пацямненне. Пазней прамыць халоднай вадой і працерці мяккай тканінай.

Воцат для чысткі чайніка і тэрмаса

Каб выдаліць вапнавы і мінеральны адклад у чайніку, неабходна ў ім пракіпяціць 3 шклянкі воцату на працягу 5 хвілін і пакінуць чайнік на ноч. На наступны дзень застанецца яго толькі памыць халоднай вадой.

Каб ачысціць тэрмас, яго напаўняюць гарачай вадой, у якую дадаюць чвэрць шклянкі воцату. Каб прыбраць плямы, дадаюць сыры рыс. Ён дзейнічае як абразіў. Тэрмас закрываюць і добра ўзбоўтваюць. Затым прамываюць і даюць высахнуць.

Чытайце яшчэ:

Дрожджы дапамогуць павысіць ураджайнасць і захаваць ураджай

Як памыць вокны без разводаў

Рамы вашых вокнаў пажоўклі? Скарыстайцеся гэтым рэцэптам

Nashaniva.com