XI Міжнародны кангрэс даследчыкаў Беларусі абвясціў збор індывідуальных заявак

XI Міжнародны кангрэс даследчыкаў Беларусі сёлета пройдзе ў Гданьску з 22 па 24 верасня. Галоўныя польскія партнёры ХІ Кангрэса — гданьскі Музей Другой cусветнай вайны, Еўрапейскі цэнтр Салідарнасці, Нацыянальны марскі музей. Цяпер арганізацыйны камітэт форуму абвясціў збор індывідуальных заявак па 14-ці даследчых кірунках.

08.04.2023 / 15:41

Музей Другой сусветнай вайны ў Гданьску — партнёр XI Міжнароднага кангрэса даследчыкаў Беларусі. Фота: facebook.com/icbs.lt

Сёлета праца Кангрэса будзе адбывацца па 14-ці даследчых панэлях, якія ўключаюць усе асноўныя сацыяльныя і гуманітарныя дысцыпліны: гісторыя, міжнародныя адносіны, паліталогія, сацыялогія, лінгвістыка, літаратуразнаўства ды іншыя кірункі, адзначаецца на старонцы Кангрэса ў фэйсбуку.

Даследчыкі сёлетняга форуму надаюць шмат увагі асэнсаванню падзей 2020-2023 гадоў у Беларусі — расійскай палітыцы ў дачыненні да Беларусі, пытанням культурнага і палітычнага супраціву, рэлакацыі беларускага бізнэсу, украінска-беларускім гістарычным сувязям, пытанням аховы гісторыка-культурнай спадчыны, вывучэнню эканамічнага крызісу ў рэгіёне.

Поўны спіс панэляў і тэмаў дакладчыкаў можна паглядзець тут.

Для таго, каб прыняць удзел у форуме ў якасці выступоўцы, неабходна запоўніць анлайн-форму і прадставіць тэзісы памерам 2-4 тысячы знакаў. Дэдлайн — 15 траўня 2023 года.

Міжнародны Кангрэс даследчыкаў Беларусі (International Congress of Belarusian Studies) — штогадовы акадэмічны і экспертны форум даследчыкаў Беларусі і рэгіёна Цэнтральнай і Усходняй Еўропы. Ён быў заснаваны прадстаўнікамі беларускай і літоўскай грамадскасці ў 2010 годзе з мэтай інтэграцыі даследчыкаў і экспертаў у палітычнай, сацыяльнай і гуманітарнай сферах, спрыяння больш глыбокаму разуменню Беларусі ў акадэмічных і грамадскіх асяродках краін рэгіёну і свету. Кангрэс з’яўляецца самай прадстаўнічай штогадовай акадэмічнай і экспертнай падзеяй Беларусі, у працы якой прымаюць удзел усе асноўныя інтэлектуальныя цэнтры даследавання грамадства, палітыкі і культуры Беларусі.

Nashaniva.com