У Бранскай вобласці мабілізаваны ўзяў у закладнікі каля 10 вайскоўцаў: ён даведаўся, што на вайне загінулі яго родныя — «База»

Паводле інфармацыі «Базы», інцыдэнт адбыўся ў вёсцы Плаўна. Там 35-гадовы мабілізаваны з Самарскай вобласці ўзяў у закладнікі трох афіцэраў і ад трох да пяці мабілізаваных у мясцовым доме культуры. Ён быў узброены аўтаматам, у яго былі гранаты, якія ён пагражаў прымяніць. Ніякіх патрабаванняў мужчына не выстаўляў.

02.04.2023 / 09:42

 Ілюстрацыйны здымак. Фота: АР

Паводле «Базы», так мужчына адрэагаваў на паведамленне пра гібель сваіх пляменнікаў на вайне ва Украіне.

Паліцыя атачыла дом культуры і знайшла перагаворшчыка — з мабілізаваным паспрабаваў дамовіцца камандзір яго вайсковай часткі. Праз гадзіну мабілізаваны адпусціў закладнікаў і здаўся.

Афіцыйнай інфармацыі аб інцыдэнце не было.

Nashaniva.com