73-гадовую жыхарку на Урале затрымалі пры спробе падпаліць ваенкамат. Яна думала, што ўдзельнічае ў «засакрэчанай аперацыі супраць тэрарыстаў»

У Першаўральску Свярдлоўскай вобласці пры спробе падпаліць ваенкамат затрымалі 73-гадовую пенсіянерку. Пра гэта паведамляюць выданне 66.ru са спасылкай на крыніцу і тэлеграм-канал Shot.

01.04.2023 / 14:48

Фота: тэлеграм-канал «Навіны PVK»

Як распавяла паліцыянтам сама пенсіянерка, падпаліць ваенкамат яе нібыта пераканалі ашуканцы. Са слоў жанчыны, 30 сакавіка ёй патэлефанавалі людзі, якія прадставіліся супрацоўнікамі банка, і прапанавалі паўдзельнічаць у «засакрэчанай аперацыі супраць тэрарыстаў». Яна пагадзілася.

На наступны дзень з жанчынай звязаліся «з ФСБ» і патлумачылі, што «аперацыя» будзе праходзіць у мясцовым ваенкамаце. Па словах пенсіянеркі, чалавек, які тэлефанаваў ёй, расказаў, як зрабіць «кактэйль Молатава», якім трэба будзе «напалохаць тэрарыстаў».

У той жа дзень пенсіянерка прынесла бутэльку з запальнай сумессю да ваенкамата, але падпаліць будынак не атрымалася, і тая пайшла дадому. Па дарозе назад ёй зноў патэлефанавалі, пераканаўшы жанчыну паспрабаваць яшчэ раз, сцвярджае яна. Пасля вяртання ў ваенкамата яе ўжо чакалі сілавікі, якія затрымалі пенсіянерку.

Таксама, як піша Shot, у яе выкралі 400 тысяч расійскіх рублёў.

Па дадзеных 66.ru, супраць жанчыны распачалі крымінальную справу аб замаху на хуліганства ў складзе групы асоб.

Nashaniva.com