2 красавіка ў Варшаве пройдзе беларускі арт-маркет
2 красавіка ў Beer Station Ursynów адбудзецца ўжо 13-ы па ліку беларускі арт-маркет. На кірмашы можна будзе купіць хэнд-мэйд ад нашых рамеснікаў і рамесніц, якія цяпер жывуць і працуюць у Польшчы.
31.03.2023 / 17:35
На арт-маркеце будуць прадаваць аксесуары, аўтарскую біжутэрыю, беларускія лялькі-матанкі, а польская майстрыха далучыцца да беларусаў са сваёй унікальнай керамікай, піша радыё «Унэт».
«Тры польскія майстрыхі будуць на маркеце. Мы запрасілі іх, каб пашырыць аўдыторыю нашых пакупнікоў і каб да нас на кірмаш прыходзілі не толькі беларусы», − распавядае арганізатарка падзеі, стваральніца Craft Hand Lab Марыя Кашапава.
Марыя Кашапава
Гэта, дарэчы, будзе ўжо 13-ы маркет беларускіх майстроў. Вольга Пашковіч у праекце з самага яго пачатку. На продаж робіць унікальныя лялькі-матанкі, напрыклад, ляльку, што аберагае дом. Можна ў яе набыць і ляльку, што выконвае жаданні. Кошт вырабаў − ад 15 да 300 злотых.
Лялькі-матанкі Вольгі Пашковіч. Крыніца: facebook.com
«Самая дарагая мая лялька − вясельная. Але я яе раблю толькі на замову. Мне трэба ведаць пару, пазнаёміцца з людзьмі, для якіх я буду працаваць», − распавядае Вольга.
Марыя Кашапава і Вольга Пашковіч
«Увогуле, хэнд-мэйд не можа быць бюджэтным, − дадае Марыя. − Гэта не толькі матэрыялы, гэта яшчэ час, праца чалавека. Я раблю ўпрыгожванні, гэта лазэрная рэзка. Даволі няпросты працэс. Усё гэта ўплывае не толькі на кошт, але і на каштоўнасць вырабу».
Марыя Кашапава кажа, што беларускім рамеснікам у Польшы трэба яднацца і надалей. Рынак новы, законы іншыя. Таму падобныя сустрэчы − гэта не толькі магчымасць прадаць свае вырабы, а і пазнаёміцца з калегамі ды абмяняцца каштоўным досведам выхаду на новыя пляцоўкі.
Падтрымаць беларускіх майстроў і майстрыц можна будзе ўжо 2 красавіка.
Чытайце таксама:
На кірмашы ў Мінску можна будзе пачаставацца супам ад Тадэвуша Кандрусевіча
Талерка ў тэхніцы трафарэт. У Мінску праходзяць займальныя майстар-класы
Пальчаткі з эфектам тату і экзатычныя люстэркі. Што прадавалі на крафтавым модным маркеце ў Мінску?