Зноў працягнулі пагадненне аб зніжках у 10% на сацыяльна значныя тавары

Дзеянне пагаднення аб наданні зніжак на сацыяльна значныя тавары першай неабходнасці сацыяльна неабароненым катэгорыям насельніцтва працягнулі яшчэ на тры месяцы — да канца чэрвеня. Адпаведнае дадатковае пагадненне падпісала Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю з прадстаўнікамі буйных гандлёвых сетак, паведамляе БелТА.

30.03.2023 / 15:58

«Мы ў чарговы раз дамовіліся з гандлёвымі сеткамі аб працягу зніжак для ўразлівых слаёў насельніцтва. Так што гэтая папулярная мера будзе і далей дзейнічаць у нашай краіне, забяспечваць падтрымку тым, хто мае ў ёй патрэбу», — пракаментаваў паганенне міністр антыманапольнага рэгулявання і гандлю Аляксей Багданаў.

Кіраўнік МАРГ расказаў, што за час дзеяння зніжкі — са студзеня мінулага года — было выдадзена больш за 1,5 млн зніжкавых картак, а агульная сума сацыяльнай зніжкі ўжо перавысіла Br25 млн.

Удзел у гэтым пагадненні прадстаўляецца ўладамі як добраахвотны, але ў беларускіх умовах наўрад ці варта мець наконт гэтага ілюзіі. У праект уключылі 14 гандлёвых сетак. Сацыяльная зніжка ў 10% паводле яго ўмоваў даецца пенсіянерам, інвалідам, шматдзетным сем'ям і малазабяспечаным слаям насельніцтва. 

Чытайце таксама:

Беларусам пры куплянні сталі часцей навязваць дадатковыя паслугі

Хто завозіць у Беларусь шакалад Ritter Sport, які трапіў пад лукашэнкаўскія «контрсанкцыі»?

Цэны на агуркі перасталі пужаць. Прынамсі, у Мінску

Nashaniva.com