«За паўгадзіны з вёдрамі прыйшло паўсотні чалавек». Частка Барысава сёння засталася без вады

Сёння каля 6-й раніцы ў старой частцы Барысава на трубаправодзе адбылася аварыя. Жыхары гэтага мікрараёна і частка новага засталіся без пітной вады, піша «Мінская праўда».

30.03.2023 / 14:04

Усе фота: Алена Драздоўская / «Мінская праўда»

— Мая сястра жыве ў суседнім доме. Казала, што раніцай адправіла дачку ў краму па ваду, дык у бліжэйшых ужо ўсё разабралі, — дзеліцца жыхарка гэтага раёна.

Як расказалі ў «Барысаўвадаканале», спецыялісты аператыўна пачалі рамонт магістральнага трубаправода.

— У цяперашні час аварыя лакалізаваная, — кажа ідэолаг прадпрыемства Людміла Мельнічук.

Але, паводле яе, «магчыма часовае пагаршэнне якасці пітной вады».

Спецыялісты дзяржаўнага прадпрыемства «Барысаўводаканал» арганізавалі па заяўках падвоз пітной вады ў аўтацыстэрнах на сацыяльна значныя абʼекты і людзям.

— Вада ідзе, але яе немагчыма піць. Уся іржавая. Таму і стаім у чарзе, чакаем другую машыну з вадой. Абяцалі падвезці. Ужо паўгадзіны стаім, — наракае мужчына.

У Барысаўводаканале таксама дадалі, што дыспетчарская служба будзе кругласутачна прымаць заяўкі па пытаннях якасці пітной вады. Па выніках іх разгляду прымуць рашэнне аб правядзенні пазапланавых прамывак водаправоднай сеткі і арганізацыі падвозу вады нарматыўнай якасці.

Nashaniva.com