У Баранавічах пачаўся суд над былым дырэктарам птушкафабрыкі «Дружба». Працэс закрыты

Судовае паседжанне па справе былога гендырэктара і экс-сенатара Васіля Маркевіча пачалося раніцай 29 сакавіка. Яго судзяць па двух частках арт. 430 Крымінальнага кодэкса (атрыманне хабару), паведамляе Intex-press.by.

29.03.2023 / 13:32

Васіль Маркевіч. Фота: br-k.info

Судовае пасяджэнне праходзіць у закрытым рэжыме.

Першая інфармацыя аб затрыманні на той момант гендырэктара ААТ «Птушкафабрыка «Дружба» Васіля Маркевіча з'явілася ў ліпені 2022 года. Работнікі прадпрыемства распавядалі, што кіраўніка вывелі ў кайданках проста з кабінета, «нібы за хабар».

Прыкладна праз месяц на дзяржТБ выйшаў сюжэт аб карупцыі ў сельскай гаспадарцы, у якім паведамлялася, што адзін з кіраўнікоў птушкафабрыкі (прозвішча пры гэтым не называлася) «за лабіраванне інтарэсаў прыватнай кампаніі пры заключэнні дагавораў ён атрымаў хабар у памеры 6 500 даляраў ЗША».

У канцы кастрычніка мінулага года Савет Рэспублікі Нацыянальнага сходу датэрмінова пазбавіў Васіля Маркевіча статусу сенатара. А ў канцы лістапада на «Дружбу» прызначылі новага кіраўніка.

Васіль Маркевіч узначальваў птушкафабрыку «Дружба» з 2003 года. Ён узнагароджаны медалём «За працоўныя заслугі», у 2012 годзе быў удастоены звання «Ганаровы грамадзянін Баранавіцкага раёна», а ў 2013-м — звання «Заслужаны работнік сельскай гаспадаркі Рэспублікі Беларусь».

У 2016 годзе Васіль Маркевіч быў удастоены звання «Чалавек года» Брэсцкай вобласці, а ў 2018 — прызнаны найлепшым кіраўніком сярод прадпрыемстваў у галіне сельскай гаспадаркі, перапрацоўкі сельскагаспадарчай прадукцыі, абслугоўвання сельскай гаспадаркі на Брэстчыне. Абіраўся членам Савета Рэспублікі шостага і сёмага скліканняў.

Nashaniva.com