У ЗША жанчына ўсчала страляніну ў школе, загінулі 6 чалавек

Жанчына-стралок, узброеная дзвюма штурмавымі вінтоўкамі і пісталетам, 27 сакавіка забіла трох вучняў і трох дарослых у прыватнай хрысціянскай школе ў Нэшвіле. Пасля яна і сама была забітая ў перастрэлцы з паліцыяй.

27.03.2023 / 22:58

Фота: twitter.com/MNPDNashville

Улады горада і штата спрабуюць высветліць, як гэтая жанчына звязаная са школай. Вядома, што ёй было 28 гадоў.

У прэсвітэрыянскай школе ў Нэшвіле вучацца каля 200 дзяцей ад дзіцячага садка да шостага класа, у ёй працуюць 33 выкладчыкі.

Званок аб страляніне паступіў у паліцыю ў раёне 10-й раніцы паводле мясцовага часу.

Паводле звестак партала Gun Violence Archive, гэта ўжо 129-ы выпадак масавай страляніны ў ЗША з пачатку 2023 года. У 80 з гэтых выпадкаў гінулі людзі. 

Nashaniva.com