Па Сеуле тры гадзіны гуляла зебра. Жывёла збегла з мясцовага заапарка, але яе ўдалося вярнуць
З заапарка Сеула збег самец зебры, які на працягу трох гадзін разгульваў па вуліцах паўднёвакарэйскай сталіцы, спрабуючы пажывіцца змесцівам смеццевых бакаў, піша Бі-бі-сі.
24.03.2023 / 09:15
Жывёла па імені Сера (па-карэйску гэта азначае «Вертыкаль») уцякла з заапарка ў чацвер вечарам. Паведамляецца, што зебра праламала драўляную агароджу вакол вальера і адправілася на шпацыр.
Жыхары горада зрабілі мноства відэа, на якіх Сера ходзіць па вуліцах, запоўненым машынамі і людзьмі і перыядычна зазірае ў бакі са смеццем.
У рэшце рэшт супрацоўнікі заапарка змаглі загнаць зебру ў адну з вузкіх вуліц, а затым стрэлілі ў яе капсулай са снатворным. Заснулую жывёлу затым змясцілі ў грузавік і адправілі назад у заапарк.
Сера ўсяго каля двух гадоў — ён нарадзіўся ў Сеульскім заапарку ў 2021 годзе.
Па словах супрацоўнікаў заапарка, стан здароўя жывёлы цяпер здавальняючы.
На сайце заапарка Сеула сказана, што ў ім утрымліваецца больш за 400 жывёл 38 розных відаў.
Зебра ў ЗША адкусіла руку гаспадару, а потым накінулася на паліцэйскіх