Былому кіраўніку лукашэнкаўскага пулу Дзмітрыю Семчанку далі тры гады калоніі

Сёння быў вынесены прысуд былому журналісту АНТ Дзмітрыю Семчанку. Яму прысудзілі тры гады калоніі, столькі і прасіў пракурор.

23.03.2023 / 11:05

Дзмітрый Семчанка ў судзе. Фота БелТА

Дзмітрыя Семчанку і яго жонку Юлію затрымалі 15 верасня нібыта за «рэпосты з экстрэмісцкіх тэлеграм-каналаў». Паколькі сям’я выхоўвае непаўналетняга сына, маці абышлася штрафам у памеры 960 рублёў, а Дзмітрыя арыштавалі на 15 сутак — праўда, ужо з новай фармулёўкай «за хуліганства».

Аднак праз 15 сутак Дзмітрый на волю не выйшаў. На яго быў складзены новы пратакол, вынікам якога былі 13 сутак арышту.

13 кастрычніка стала вядома, што ў дачыненні да яго заведзена крымінальная справа за распальванне сацыяльнай варожасці (ч.1 арт. 130 Крымінальнага кодэкса Беларусі). Падчас суда Дзмітрый сваю віну прызнаў.

Дзмітрый Семчанка сышоў з тэлеканала АНТ, дзе ўзначальваў пул журналістаў, якія працавалі з Аляксандрам Лукашэнкам, пасля жорсткіх разгонаў акцый у жніўні 2020 года. 10 верасня таго ж года да яго прыйшла міліцыя. На наступны дзень яго асудзілі: высветлілася, журналіст быў на пратэсным маршы 16 жніўня, яшчэ падчас працы на дзяржканале — за гэта суд прызначыў яму 15 дзён арышту.

Nashaniva.com