Кіраўнік МАК зноў выступіў за допуск атлетаў з Беларусі і Расіі

Выключэнне атлетаў на падставе грамадзянства стала б «дыскрымінацыяй», лічыць Томас Бах.

23.03.2023 / 08:57

Прэзідэнт Міжнароднага алімпійскага камітэта (МАК) Томас Бах падчас выступу ў сераду ў Эсэне выказаўся за стварэнне ўмоў для допуску да спаборніцтваў расійскіх і беларускіх атлетаў. Са слоў кіраўніка МАК, выключэнне расіянаў і беларусаў толькі на падставе грамадзянства стала б «дыскрымінацыяй», а Алімпійскія гульні «могуць спрыяць дыялогу ў напружаны час», піша Deutsche Welle.

У пачатку поўнамаштабнага ўварвання РФ ва Украіну МАК рэкамендаваў выключыць са спаборніцтваў Расію і Беларусь, аднак цяпер арганізацыя пад кіраўніцтвам Томаса Баха выступае за допуск атлетаў пад нейтральным сцягам на кваліфікацыйныя спаборніцтвы напярэдадні Алімпійскіх гульняў — 2024 у Парыжы.

Па словах Баха, ён выступае супраць «палітычнага ўплыву на спорт», а таксама любых здагадак аб тым, што з расіянамі і беларусамі трэба абыходзіцца так «так, быццам яны нясуць калектыўную віну». «Мы разумеем украінцаў і ўкраінскіх спартоўцаў, але, з іншага боку, будучы глабальнай арганізацыяй, мы нясем адказнасць за захаванне правоў чалавека і Алімпійскай хартыі, — заявіў Бах у Эсэне. — І тое і другое забараняюць поўную ізаляцыю людзей з адным пэўным пашпартам».

Раней МАК заяўляў, што не хоча дапускаць спартсменаў, якія «актыўна падтрымліваюць вайну», пакідаючы пры гэтым канчатковае рашэнне за спартыўнымі федэрацыямі. У сваім выступе Томас Бах удакладніў, што ў якасці актыўнай падтрымкі вайны Камітэт расцэньвае, у тым ліку, нашэнне спартоўцамі сімволікі з Z і допісы ў сацсетках.

Чытайце таксама:

Вялікабрытанія поўная рашучасці не дапусціць удзелу беларускіх і расійскіх спартсменаў у Алімпіядзе

Хакейныя зборныя Расіі і Беларусі прапусцяць яшчэ адзін сезон 

Nashaniva.com