МВФ папярэдне дамовіўся з Украінай аб крэдытах на $15,6 мільярдаў

Міжнародны валютны фонд заявіў, што дасягнуў пагаднення з украінскімі ўладамі аб прадастаўленні крэдытаў на агульную суму каля 15, 6 млрд даляраў для падтрымкі аднаўлення эканомікі краіны.

22.03.2023 / 08:07

«Акрамя жахлівых гуманітарных страт, уварванне Расіі ва Украіну працягвае аказваць разбуральнае ўздзеянне на эканоміку», — сказаў кіраўнік місіі МВФ ва Украіне Гэвін Грэй.

План, разлічаны на чатыры гады, павінен быць ухвалены Радай дырэктараў МВФ. Чакаецца, што гэтае пытанне разгледзяць найбліжэйшым часам.

У мінулым годзе эканамічная актыўнасць ва Украіне скарацілася на 30%, і фонд прагназуе, што ўкраінская эканоміка будзе павольна аднаўляцца пасля сур'ёзнай шкоды, нанесенай крытычнай інфраструктуры ў выніку вайны, сказаў Грэй.

Nashaniva.com