Лукашэнка: З боку тэрарыстаў ужываліся гранаты і зброя, рыхтаваліся тэракты ў дачыненні да грамадзян і службовых асоб

Лукашэнка ў чарговы раз сабраў нараду з сілавікамі. Тэма нарады, паводле яго, — нацыянальная бяспека і сітуацыя ў сілавым блоку. Насамрэч усе чакалі інфармацыі, што, па афіцыйнай версіі, адбылося ў Гродне

21.03.2023 / 10:54

Паводле Лукашэнкі, у Гродне «спецслужбы спрацавалі бліскуча».

«Канфіскаваны цэлы арсенал зброі і выбухоўкі, якія прызначаліся для «гучных» тэрактаў у дачыненні да грамадзян і службовых асоб дзяржаўных органаў. За што малайцы нашы хлопцы — пры такой вострай сітуацыі, калі з боку тэрарыстаў ужываліся гранаты і зброя, не загінуў ні адзін супрацоўнік групы «Альфа». Добрая аперацыя, добрая праца».

«Пул Першага» напісаў, што Лукашэнка на нарадзе распавёў пра «затрыманне тэрарыста ў Гродне». Паводле вядомай афіцыйнай інфармацыі, іншаземец быў застрэлены, пра затрыманні не паведамлялася. 

На нараду былі запрошаны прадстаўнікі органаў пракуратуры, Камітэта дзяржкантролю, Следчага камітэта, КДБ, МУС, Мінабароны, МНС, Дзяржпагранкамітэта, Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз, судоў, кіраўнікі рэгіёнаў.

Nashaniva.com