Заснавальнік расійскага гурта Cream Soda праваліўся пад лёд у кампаніі сяброў. Адзін з іх загінуў, яшчэ траіх шукае МНС

У ноч на 20 сакавіка некалькі чалавек, у ліку якіх быў сузаснавальнік расійскага гурта Cream Soda Дзмітрый Свіргуноў (Дзіма Нова) і яго сябры, праваліліся пад лёд, гуляючы па Волзе ў Яраслаўскай вобласці. Адзін чалавек загінуў, яшчэ траіх, уключаючы Свіргунова, шукае МНС.

20.03.2023 / 15:56

Дзмітрый Свіргуноў. Фота: creamsodamusic / Instagram

«Сёння ноччу ў нас адбылася трагедыя. Наш Дзіма Нова ў кампаніі сяброў гуляў па Волзе і праваліўся пад лёд. Дзіму, яго брата Рому і сябра Гошу Кісялёва дагэтуль шукае МНС. Арыстарха, нашага сябра, які таксама праваліўся пад лёд, удалося дастаць, але не ўдалося выратаваць», — гаворыцца ў запісе групы ў Instagram.

У адміністрацыі Някрасаўскага раёна Яраслаўскай вобласці паведамілі, што кампанія з 10 чалавек, якая адпачывала ў вёсцы Дзіева-Гарадзішчы, вырашыла схадзіць у суседнюю вёску па лёдзе Волгі. На зваротным шляху лёд не вытрымаў і пяцёра чалавек апынуліся ў вадзе.

Месца здарэння. Фота: пракуратура РФ

Дваім з іх удалося выбрацца, аднак па дарозе ў бальніцу адзін з выратаваных, 27-гадовы музыкант Арыстарх Ухтомскі, памёр у машыне хуткай дапамогі.

Яраслаўская электронная група Cream Soda вядомая трэкамі «Плачу на тэхна» і «Ніякіх больш вечарынак».

Nashaniva.com