Пракурор падаў пратэст на прысуд аб «хатняй хіміі» і дабіўся калоніі

Судовая калегія па крымінальных справах Магілёўскага абласнога суда днямі задаволіла пратэст пракурора Чэрыкаўскага раёна аб змене прысуду ў дачыненні да мясцовага жыхара Дзмітрыя Іванова, прызнанага вінаватым у публічнай абразе прадстаўніка ўлады, паведамляе «Вясна».

15.03.2023 / 20:37

Дзмітрый Іваноў быў асуджаны па арт. 369 КК да аднаго года і шасці месяцаў абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу і штрафу ў памеры 50 базавых велічынь.

Не пагадзіўшыся з прызначаным пакараннем з прычыны ягонай нібыта мяккасці, пракурор Чэрыкаўскага раёна падаў на прысуд апеляцыйны пратэст.

І ў выніку ён дабіўся свайго. Вызначэннем судовай калегіі па крымінальных справах Магілёўскага абласнога суда Іванову прызначана больш строгае пакаранне — пазбаўленне волі ў выглядзе 1 года 6 месяцаў з адбываннем у папраўчай калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму са штрафам у памеры 100 базавых велічынь.

Nashaniva.com