Генпракуратура Украіны абвінаваціла расійскіх салдат у згвалтаванні чатырохгадовай дзяўчынкі і яе маці на вачах бацькі — Reuters

Reuters атрымала доступ да матэрыялаў украінскай Генпракуратуры. Там сабраныя сэксуальныя злачынствы, якія расійскія вайскоўцы 15-й асобнай мотастралковай брыгады здзейснілі ў чатырох дамах у Браварскім раёне недалёка ад сталіцы Кіева ў сакавіку 2022 года.

14.03.2023 / 15:55

 Скан дакумента Генпракуратуры Украіныз 12 расійскімі вайскоўцамі, якія падазраюцца ў здзяйсненні сексуальнага гвалту ў Браварскім раёне на ўскраіне Кіева ва Украіне ў сакавіку 2022 годы. Фота: REUTERS

Следчыя абвінавацілі ў гвалце 12 вайскоўцаў 15-й асобнай мотастралковай брыгады.

Следства сцвярджае, што 13 сакавіка 2022 года расійскія салдаты ў адным з дамоў у Браварах Кіеўскай вобласці збілі мужчыну і прымусілі яго глядзець на згвалтаванне жонкі. Пасля гэтага двое салдат згвалцілі іх чатырохгадовую дачку. 

Абвінавачаныя ў згвалтаванні дзяўчынкі былі снайперамі, 28 і 32 гадоў. Пракуратура называе імя толькі малодшага з іх — Яўген Чарнакніжны. Паводле пракуратуры, ён вярнуўся ў Расію. Другі мужчына загінуў.

Reuters змагло знайсці нумар Чарнакніжнага, на званок адказаў чалавек, які назваўся яго братам. Ён паведаміў, што Чарнакніжны памёр і заплакаў. Пацверджання гэтай інфармацыі няма. Але пра гібель Чарнакніжнага ў красавіку 2022 года паведамляла выданне Orenday.

Пракуратура сцвярджае, што пасля няўдалай спробы захапіць Кіеў салдаты перайшлі да татальнага запалохвання мясцовага насельніцтва.

Так, па версіі следства, у гэты дзень салдаты 15-й асобнай мотастралковай брыгады збілі пажылую пару ў суседнім доме, згвалтавалі 41-гадовую цяжарную жанчыну і 17-гадовую дзяўчыну, а пасля здзейснілі групавое згвалтаванне 15-гадовай дзяўчыны і яе маці. Таксама яны здзяйснялі рабаванні.

Пракуратура заявіла, што ўсе пацярпелыя выжылі, ім аказана псіхалагічная і медыцынская дапамога.

Генеральная пракуратура Украіны паведамляе, што расследуе больш чым 71 тысячу паведамленняў аб ваенных злачынствах, здзейсненых пасля пачатку вайны.

Nashaniva.com