Лія Ахеджакава ў развітанні са сцэнай узгадала ліст падтрымкі чалавека, які прайшоў Акрэсціна

У лютым апошні спектакль з удзелам Ліі Ахеджакавай быў зняты з рэпертуару «Современника» нібыта з-за скаргаў, якія паступаюць ад «усхваляваных грамадзян». «Новая газета» і рэжысёр Кірыл Сярэбраннікаў звярнуліся да прыхільнікаў таленту Ахеджакавай напісаць ёй паштоўкі. Праз «Новую газету» яна напісала ўсім адказ з падзякамі і з развіталася са сцэнай.

11.03.2023 / 16:21

 Лія Ахеджакава. Фота: Ганна Арцем'ева / «Новая газета»

«Такой плыні любові, спагады, павагі ніколі не было ў маім жыцці! Пішуць людзі з усяго свету, мае гледачы, пішуць «нашы» людзі, якія засяляюць Зямны шар. Можа справа ў Разанаве, у ягоным безумоўным аўтарытэце, і ён мяне абараняе сваім імем.

Піша Украіна — з Запарожжа, са знявечаных Бахмута і Марыупалю, Беларусь, Прыбалтыка, Казахстан, з Грузіі, Арменіі, Швейцарыі, з Амерыкі, Канады, Германіі, Ізраіля, Сербіі, Масквы, Піцера, Самары, Якуціі, Урала, Сібіры…

І такія лёсы! Якое бясстрашнае асэнсаванне гісторыі нашай шматпакутнай Радзімы, страх за дзяцей, боль за Украіну, за Беларусь: ліст падтрымкі ад чалавека, які прайшоў праз вядомае месца на Акрэсціна — адрас, які мы не забудзем ніколі, ліст з краіны, якую я ўсю абʼездзіла са сваімі спектаклямі, з краіны, дзе ёсць смяротнае пакаранне», — напісала Ахеджакава.

Nashaniva.com