«Калі гэтыя людзі напісалі мне пра ўмовы, у якіх будзе жыць Эрык, я пашкадавала, што я не Эрык». Што цяпер з сабакам палітзняволенай Насты Лойкі

У вядомай праваабаронцы Насты Лойкі, цяпер зняволенай рэжымам Лукашэнкі, дома застаўся вялікі сабака Эрык, узяты ў свой час ёй з прытулку. Калі з ягонай гаспадыняй здарылася бяда, за ратаванне Эрыка ўзяліся сябры Насты, піша тэлеграм-канал «Тётя Ира разрешила».

08.03.2023 / 00:11

Эрык цяпер жыве ў Чэхіі, у мясцовасці Ходска на памежжы з Баварыяй. А ягоная новая часовая гаспадыня — беларуска Ганка Барадзіна. Сабака добра адаптаваўся, «дапамагае пагладзіць, пакарміць і не парушаць правілаў сабачай ветлівасці».

Наста Лойка пакінула для новых сяброў сабакі інструкцыю з пералікам карысных кніг і кантактаў спецыялістаў, што працавалі з Эрыкам. А сярод іншага там былі пералічаныя і ягоныя правы: «права на сон, на адпачынак, на ежу, на дапамогу, на камунікацыю са сваімі сародзічамі, на справядлівы догляд». Усе гэтыя правы непарушна забяспечваюцца.

Новае месца жыхарства для Эрыка пасля таго, як стала зразумела, што гаспадыня можа вярнуцца не хутка, знайсці было няпроста. Аб’яву, што сабака шукае новых гаспадароў, размясцілі ў сацсетках, але прапанаваць патрэбную дапамогу амаль ніхто не мог. Пакуль аднаго для не прыйшло паведамленне з Чэхіі.

«Калі гэтыя людзі напісалі мне пра ўмовы, у якіх будзе жыць Эрык, я пашкадавала, што я не Эрык, —

прызналася сяброўка Насты Лойкі Ірына Арахоўская, якая займалася ўладкаваннем сабакі. — Там прыватны дом, побач ёсць лес, рэчка і поле. Я вельмі баялася, што яны адмовяцца ці нешта пойдзе не так, бо яны выглядалі найлепшымі кандыдатамі. І вельмі шчаслівая, што ўсё склалася». 

Ганка Барадзіна расказала, што пост пра Эрыка яны пабачылі ў сацсетках і спачатку прапанавалі сваю дапамогу, як план «Б» — спадзяваліся, што знойдзецца нехта бліжэй. «Але доўга ніхто не знаходзіўся і мы вырашылі: калі можам быць планам «Б», то справімся і стаць планам «А». Урэшце яна нават сама паехала па сабаку ў Варшаву.

«Рэч не ў тым, што мы шукалі сабаку. Гэта выпадак, калі рэальна можам дапамагчы. У нас тут проста санаторый дамашні для сабакі. Куды ні пайдзі — лес, возера, прырода — ідэальнае месца.»

Галоўнае — што сабака прыжыўся, а новыя гаспадары яго вельмі любяць. А ягоныя пачуцці ўзаемныя.

Nashaniva.com