Financial Times: Расія не наважваецца купляць ракеты ў Ірана з-за боязі, што саюзнікі Украіны ў адказ паставяць ёй дальнабойныя ракеты

Паводле выдання, гаворка можа ісці пра ракетв ATACMS з радыусам дзеяння да 300 км. Пры гэтым крыніцы выдання лічаць, што ў хуткім часе Масква можа змяніць сваю пазіцыю з-за недахопу ўласных ракет. «Расіяне знаходзяцца ў адчайным становішчы. Ім патрэбныя ракеты», — сказаў адзін з суразмоўцаў FT.

06.03.2023 / 16:53

Фотa: twitter.com/isna_farsi. Здымак ілюстрацыйны

Па звестках заходніх разведслужбаў, Іран накіраваў у Расію сотні сваіх беспілотнікаў, якія выкарыстоўваюцца для нападаў па ўкраінскіх аб'ектах. Тэгеран і Масква гэта адмаўляюць.

Мяркуючы па частаце кантактаў паміж Расіяй і Іранам на розных узроўнях, адносіны дзвюх краін выходзяць за межы ваеннага супрацоўніцтва. Сёння Уладзімір Пуцін пагаварыў па тэлефоне з іранскім калегам. На мінулым тыдні Тэгеран наведаў кіраўнік «Газпрама» Аляксей Мілер.

У найбліжэйшы час у Іран адправіцца кіраўнік ЦБ Эльвіра Набіуліна, адзначае выданне. Па словах крыніцы, яна будзе абмяркоўваць інтэграцыю плацежных сістэм Расіі і Ірана.

Nashaniva.com