«Падзе Крым». Прыгожын дапускае, што абвал фронту можа пачацца пад Бахмутам 

Кіраўнік прыватнай вайсковай кампаніі «Вагнер» Яўген Прыгожын прадракае, што прарыў фронту ўкраінскай арміяй можа здарыцца ў бліжэйшыя месяцы. Вагнераўцы сутыкаюцца са «снарадным голадам», кажа Прыгожын.

05.03.2023 / 12:50

Яўген Прыгожын. Скрын з відэа

Яўген Прыгожын лічыць сваю групоўку апораю расійскіх войскаў у Луганскай вобласці.

Па словах Прыгожына, калі расійскаму войску было цяжка, яму ўдалося пераканаць Пуціна ў неабходнасці ўдзелу вагнераўцаў у вайне ва Ўкраіне. Яны сталі «на Бахмуце пераломваць і канцэнтраваць на сабе ўкраінскую армію».

Прыгожын прызнае: калі ўкраінскае войска прарвецца, то вагнераўцы застануцца ў гісторыі, як «людзі, якія зрабілі асноўны крок у пройгрышы ў вайне».

Па яго словах, цяпер вагнераўцы сутыкаюцца са «снарадным голадам» і завуалявана, словамі сваіх байцоў, даводзіць, што тое робіцца ўмысля.

«А ці не могуць гэту гісторыю разыгрываць дзесьці ў глыбінях Міністэрства абароны, а можа і вышэй, каб патлумачыць усяму расійскаму народу, чаму адбыліся ў нас такія непрыемнасці. А раптам яны хочуць падставіць нас і сказаць, што мы нягоднікі і, таму нам не даюць боепрыпасы, ўзбраенне і не даюць папаўняцца асабовым складам, у тым ліку заняволенымі», — даводзіць Прыгожын.

Ён дадае: калі адбудзецца прарыў фронту, то ў гісторыі застанецца фармулёўка аб тым, што група наёмнікаў не дамовілася з кіраўніцтвам дзяржавы, Міністэрства абароны, Мінфінам і рэзка адскочыла ад Бахмуту.

«Напружаная ўкраінская армія злева, справа па флангах і ў цэнтры ўварвалася на тэрыторыю ЛНР, змяла Луганск, Краснадон, выйшла на тэрыторыю Расіі. Армія вымушана была спрабаваць стабілізаваць фронт і пасыпаліся флангі. Далей падзе Крым, і будзе шмат іншых непрыемнасцяў», — прагназуе Прыгожын.

Прыватная вайсковая кампанія Вагнера створаная ў 2013 годзе набліжаным да Пуціна былым крымінальнікам з Пецярбурга Яўгенам Прыгожыным для ўдзелу ва ўзброеных канфліктах без прыцягнення рэгулярных войскаў. Яе камплектуюць расійскімі і замежнымі наймітамі, асуджанымі крымінальнікамі.

Яна ўдзельнічае ў баявых дзеяннях на ўсходзе Украіны з 2014 года. Вагнераўцы ваявалі ў Сірыі на баку саюзніка Расіі рэжыму Асада, у Судане, Лівіі, Цэнтральнаафрыканскай Рэспубліцыі і Малі. Іх падазраюцца ў шматлікіх ваенных злачынствах, злачынствах супраць чалавечнасці.

У 2023 годзе Міністэрства фінансаў ЗША прызнала гэтую структуру транснацыянальнай злачыннай арганізацыяй, а Вярхоўная Рада Украіны — міжнароднай злачыннай арганізацыяй.

Крыніцы: На беларускіх палігонах трэніруюць таксама расійскіх зняволеных для «Вагнера»

Групоўка Вагнера страціла ва Украіне больш за 30 тысяч чалавек забітымі і параненымі — CNN

Прыгожын збіраецца «вызваляць Данбас» яшчэ паўтара-два гады

Nashaniva.com