Крыж з «Пагоняй». Аб’яднаны Пераходны Кабінет заснаваў ўзнагароду для «адважных беларускіх партызан і падпольшчыкаў»

Аб’яднаны Пераходны Кабінет Беларусі заснаваў новую ўзнагароду — «Партызанскі Народны крыж». Гэта нагрудны ганаровы знак, якім будуць ушаноўваць дзеячаў беларускага партызанскага і падпольнага руху за акцыі, накіраваныя на аслабленне і ліквідацыю ўлады акупацыйнай адміністрацыі, паведамляе АПК.

02.03.2023 / 16:20

Узнагарода, распрацаваная Геральдычнай Радай, уяўляе сабой крыж серабрыстага колеру з выявай герба «Пагоня» па цэнтры. Пад «Пагоняй» — выява чэрапа з косткамі, паміж канцамі крыжа па дыяганалі — два мячы серабрыстага колеру.

На адваротным баку «Партызанскага Народнага крыжа» змешчаны надпіс «НІКОЛІ НЯ БЫЦЬ У НЯВОЛІ», пад якім — нумар узнагароды.

Крыж выраблены з латуні з пакрыццём срэбрам 925 пробы і мацуецца да адзення адмысловай шпількай.

Да ўзнагароды прыкладаецца пасведчанне аб узнагароджванні і ўзнагародны ліст.

Nashaniva.com