«Выяўленыя выпадкі мабілізавалі ўвесь калектыў кампаніі». Літоўская чыгунка яшчэ больш узмацняе барацьбу з абыходам санкцый

Грузавая кампанія групы «Літоўскіх чыгунак» LTG Cargo заявіла, што зробіць яшчэ больш строгім кантроль над грузаперавозкамі і будзе асабліва старанна правяраць усе грузы, якія дастаўляюцца як з Беларусі, так і з іншых краін. Кліентаў кампаніі пра гэта ўжо папярэдзілі, паведамляе Delfi.lt.

28.02.2023 / 22:40

З 1 сакавіка ўсе кліенты LTG Cargo, якія здзяйсняюць шырокакалейныя чыгуначныя грузаперавозкі, павінны будуць падаваць дадатковую падрабязную інфармацыю пра грузы, а таксама дадатковыя дакументы. У мэтах забеспячэння належнага выканання новага парадку кліентам давядзецца паўторна падаваць заяўкі на грузаперавозкі з трэціх краін з дадатковай інфармацыяй.

У выпадку ўзнікнення якога-небудзь падазрэння ў спробе абыйсці санкцыі ці ў выпадку адмовы кліента прадставіць якой-небудзь з запытаных дадатковых дакументаў кампанія спыняе і надалей будзе спыняць такія грузаперавозкі.

Выключэнне будзе дзейнічаць толькі для транзітных заявак на тавары першай неабходнасці — іх будуць перавозіць па ранейшых правілах.

«Магчымыя спробы бізнэсу абысці міжнародны санкцыйны кантроль мы ацэньваем вельмі жорстка і зробім усё, каб прадухіліць гэта.

Выяўленыя выпадкі мабілізавалі ўвесь калектыў кампаніі — мы супрацоўнічаем з іншымі інстытутамі, адказнымі за санкцыйны кантроль, мы напагатове і гатовыя рэагаваць. Зробім усё, што ад нас залежыць, каб па чыгунцы ў Літву не траплялі грузы, якія прыносяць карысць краінам-агрэсарам», — заявіў старшыня праўлення LTG Cargo Арнольдас Укенекас.

Nashaniva.com