Марыя Калеснікава працуе ў калоніі і аднаўляецца пасля аперацыі

«Народная Воля» пацікавілася станам здароўя Марыі Калеснікавай.

28.02.2023 / 09:08

Нагадаем, экс-кіраўніка штаба Віктара Бабарыкі, затрымалі на пачатку верасня 2020 года. На мяжы Калеснікава парвала свой пашпарт, каб пазбегнуць вымушанай дэпартацыі, і ў выніку апынулася за кратамі.

6 верасня 2021 года Мінскі абласны суд палічыў Марыю Калеснікаву вінаватай у здзяйсненні злачынстваў, прадугледжаных ч.1 арт.357, ч.3 арт.361, ч.1 арт.361-1 Крымінальнага кодэкса, і прысудзіў да 11 гадоў пазбаўлення волі за змову з мэтай захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам, стварэнне экстрэмісцкага фарміравання і кіраванне такім фарміраваннем, публічных закліках да захопу дзяржаўнай улады.

КДБ унес Марыю Калеснікаву ў спіс асоб, датычных да тэрарыстычнай дзейнасці.

Напрыканцы мінулага года стала вядома, што Марыя трапіла ў шпіталь з хірургічнай паталогіяй, дзе яе прааперавалі.

«Зараз Марыя вярнулася да працы ў калоніі, — распавялі «Народнай Волі» яе знаёмыя. — Аднаўляецца пасля аперацыі, набірае вагу, бо пасля бальнічнай палаты схуднела. І галоўнае — застаецца моцнай духам…».

Вядома таксама, што ў калоніі Марыі Калеснікавай забаронена тое, на што іншыя зняволеныя маюць права. Напрыклад, у гэтым годзе тэлефонныя званкі абмежавалі да аднаго ў месяц, забаранілі размаўляць з сястрой. У мінулым годзе было толькі адно спатканне з бацькам. Таксама апошнім часам былі праблемы з ліставаннем.

«Я дакладна ведаю, што любыя цяжкасці закончацца, — напісала ў адным са сваіх лістоў на волю Марыя Калеснікава. — Дык навошта сумаваць і перажываць, калі абавязкова наступіць момант, калі цяжкасці закончацца? Навошта траціць час свайго жыцця на тое, што не мае сэнсу, ды яшчэ і прыносіць мне шкоду? Я жыву так, як быццам не існуе ўсяго гэтага жудаснага і «дзіўнага», што наўкол мяне».

Nashaniva.com