У Вільні прайшоў мітынг, прысвечаны Мікалаю Статкевічу і Сяргею Ціханоўскаму, якія ўжо 1000 дзён за кратамі

Мітынг адбыўся ў Вільні ў цэнтры горада, на плошчы Кудзіркі. Удзельнікі трымалі бел-чырвона-белыя сцягі і партрэты палітзняволеных.

26.02.2023 / 19:56

Фота тут і далей: Офіс Ціханоўскай

«Мікалай Статкевіч і Сяргей Ціханоўскі правялі ўжо 1000 дзён за кратамі. Страшная лічба. І хоць нашыя мужчыны — яны мужныя, нязломныя, і вытрываюць, але гэта таксама 1000 дзён скрадзеных і ў іх семʼяў. У нас у кватэры паўсюль фотаздымкі Сяргея, каб дзеці не забывалі, як ён выглядае. Мы кожны тыдзень разам глядзім яго відэа, каб малодшая дачка, якая яго не бачыла тры гады, памятала яго голас, — выступіла Святлана Ціханоўская. —

Не было ніводнага дня, калі б я ні задавала пытання сабе: што яшчэ я магу зрабіць, каб хутчэй вызваліць і Сяргея і ўсіх палітвязняў. І гэтае пытанне прымушае мяне дзейнічаць далей, не здавацца. Я ператвараю свой боль у працу. І я хачу каб кожны з нас — таксама штодня задаваў сабе гэтае пытанне: што яшчэ кожны з нас можа зрабіць.

Давайце не будзем казаць — мы чакаем іх вызвалення. Мы працуем на іх вызваленне. І не спынімся, пакуль кожны не вернецца дадому».

Nashaniva.com