Пастаўкі аўтамабіляў з ЕС у Беларусь выраслі на 280%, гэта можа быць звязана з абыходам санкцый Расіяй

Пастаўкі аўтамабільнай тэхнікі з краін Еўрапейскага Саюза ў Беларусь у жніўні-кастрычніку 2022 года выраслі на 280% у параўнанні з 2021 годам. Такія звесткі прыводзіць Аўстрыйскі інстытут эканамічных даследаванняў (WIFO), піша Reform.by.

26.02.2023 / 10:22

Даследаванне, прымеркаванае да гадавіны поўнамаштабнага нападу Расіі на Украіну, прэзентаваў кіраўнік Інстытута Габрыэль Фельбермаер. Ён расказаў пра эканамічныя наступствах вайны ў Еўропе.

Аўстрыйскі эканаміст мяркуе, што «гэтая вайна робіць нас усіх бяднейшымі, і наступствы крызісу COVID-19 яшчэ не пераадоленыя».

Пры гэтым Аўстрыя, нягледзячы на санкцыі ЕС, захавала даваенны ўзровень тавараабароту з Расіяй. Аўстрыйскія кампаніі нават змаглі нарасціць свой экспарт, напрыклад, фармацэўтычнай прадукцыі, машын і прадуктаў харчавання. Імпарт з Расіі таксама не ўпаў — нягледзячы на скарачэнне закупак энергарэсурсаў, іх кошт увогуле вырас.

Пры гэтым Фельбермаер звяртае ўвагу на дзіўныя скачкі экспарту ў Беларусь, якая ўваходзіць у Мытны саюз з Расіяй.

Агульны экспарт з ЕС у Беларусь перавысіў даваенны. Так, экспарт аўтатранспартных сродкаў значна вырас — на 280% са жніўня па кастрычнік 2022 года ў параўнанні са жніўнем-кастрычнікам 2021 года.

Кіраўнік WIFO мяркуе, што гаворка ідзе пра абыход санкцый, г. зн. еўрапейскія аўто і запчасткі пастаўляюцца ў Беларусь, а затым перапрадаюцца ў Расію.

Пры гэтым беларускія аўтадылеры паведамляюць пра рэзкае скарачэнне продажаў у краіне новых аўтамабіляў, пры гэтым, паводле ацэнак Беларускай аўтамабільнай асацыяцыі, у мінулым годзе сумарны імпарт і вытворчасць аўтамабіляў склалі каля 100 тыс. адзінак, але на долю дылераў прыйшлося ўсяго каля 15%. Месячныя продажы беларускіх аўтадылераў адкаціліся на ўзровень 2005 года.

Чытайце таксама:

Аўтамабільны рынак Беларусі абваліўся на 63,2%, растуць толькі электрамабілі

Продажы новых аўто ў Беларусі за студзень зменшыліся амаль на 50%

Новыя шэрыя схемы і продаж па даверанасці. Як аўтакамісы, перакупы і перагоншчыкі працуюць у новых умовах

Nashaniva.com