Вальфовіч пра народнае апалчэнне: Ім будзе выдадзена стралковая зброя, якая будзе захоўвацца пры іх

Старшыня Рады бяспекі Аляксандр Вальфовіч у эфіры «Беларусь 1» расказаў, як, на думку кіраўніцтва лукашэнкаўскага рэжыму, мае будавацца народнае апалчэнне, праект аб якім на гэтым тыдні абмяркоўвалі з удзелам Лукашэнкі.

26.02.2023 / 08:57

Аляксандр Вальфовіч

Паводле Вальфовіча, фарміраваць народнае апалчэнне будуць мясцовыя органы ўлады, а кіраваць яго атрадамі — аддзяленні ўнутраных спраў. Задачы апалчэння ў выпадку ваеннага становішча — «абарона парадку, барацьба з бандытызмам і марадзёрствам, дыверсійна-разведвальнымі групамі».

Можна меркаваць, што ў апалчэнне, калі да ягонага фармавання справа сапраўды дойдзе, будуць набіраць самых правераных прыхільнікаў рэжыму, бо ім мяркуецца аказваць надта вялікі давер:

«Ім будзе выдадзена стралковая зброя. Зброя будзе захоўвацца пры іх. Жыць яны будуць і харчавацца дома», — сказаў Вальфовіч.

Прымаць рашэнне аб тым, каго браць у народнае апалчэнне, будуць кіраўнікі мясцовай улады: старшыні абласных, раённых выканкамаў і гэтак далей. У іх будзе «шырокае поле магчымасцяў» у прыняцці рашэння аб тым, ці можна выдаваць чалавеку зброю.

«Будуць вывучаныя катэгорыі грамадзян», — абяцае кіраўнік лукашэнкаўскай Рады бяспекі.

Паводле яго, у гэтае апалчэнне будуць браць і жанчын, калі яны будуць адпавядаць патрабаванням.

Звальняцца з працы для нясення службы ў апалчэнні не будзе патрэбна, але па рашэнні мясцовага кіраўніка яны будуць на нейкі час вызваляцца ад працы для выканання абавязкаў у дружынах. Заробак пры гэтым будзе захоўвацца.

Пры гэтым служба ў апалчэнні не вызваляе грамадзяніна ад вайсковай службы: пры неабходнасці тыя, хто да яе прыдатны, могуць быць мабілізаваны і ў войска.

Чытайце таксама:

У народнае апалчэнне могуць увайсці да 150 тысяч чалавек

Лукашэнка абмяркоўвае закон пра народнае апалчэнне

Вальфовіч анансаваў змены ў Канцэпцыі нацбяспекі

Nashaniva.com