У Кіеве развіталіся з Алегам Мудраком, абаронцам «Азоўсталі», абмененым з расійскага палону

Вечарам 25 лютага ў Кіеве прайшло развітанне з камандзірам 1-га батальёна палка «Азоў» маёрам Алегам Мудраком. З байцом развіталіся на адной з баз палка, піша «Суспільне».

25.02.2023 / 22:49

Фото: Лілія Ганчарук / «Суспільне»

Алег Мудрак паўгода правёў у расійскім палоне, а таксама перажыў тэракт у Аленаўцы, дзе знаходзіўся разам з іншымі абаронцамі «Азоўсталі». Ён абараняў Украіну з першых дзён 2014 года.

«Яму было ўсяго 35 гадоў, і наперадзе быў доўгі шлях, але, на жаль, катаванні ў няволі і знясіленне падарвалі яго мужнае сэрца», — сказаў адзін з яго таварышаў.

Ён дадаў, што Алег Мудрак умеў змагацца, умеў сябраваць і любіў жыццё.

«Ён пакінуў нас і перайшоў у «нябесны Азоў». Сябар «Сухар», мы будзем цябе памятаць», — сказаў баец.

Пра смерць Алега Мудрака 22 лютага паведаміў яго пляменнік Даніла.

У канцы жніўня мінулага года фота моцна схуднелага ў палоне Алега Мудрака абляцела інтэрнэт. А ў канцы верасня мінулага года Мудрак у ліку іншых украінскіх вайскоўцаў быў вызвалены з палону.

Nashaniva.com