Новы пікет ля польскага консульства — пад відам «незадаволеных палякаў» сагналі бюджэтнікаў і БРСМ. Вось хто на фота

Чарговая акцыя супраць закрыцця межаў прайшла каля Генконсульства Польшчы ў Гродне. БелТА піша, што арганізаваў пікет Саюз палякаў у Беларусі. Але ці былі там палякі? Разгледзелі фота.

24.02.2023 / 16:09

Верхняе фота — 13 лютага, ніжняе — 24 лютага. Фота: БелТА

На калажы зверху — пажылыя людзі, што прыйшлі на акцыю, хутчэй за ўсё — з саюза ветэранаў або КПБ. Гэтым разам іх меней, чым на мінулым пікеце, але яны стаяць з абсалютна ідэнтычным плакатам у тым жа месцы.

Прыйшлі і бээрэсэмаўцы разам з прадстаўнікамі «Белай Русі» — гэтым разам іх меней і на першым плане іншыя людзі. На гэтым фота таксама сакратар гарадзенскага БРСМ Уладзіслаў Мандзік, а адразу за ім — штатная актывістка БРСМ Яна Мазавецкая. Яны былі і на пікеце 13 лютага, і на папярэдніх.

Фота: БелТА, СТБ

Астатнія ў шэрагу — таксама актывісты БРСМ і прафкамаў універсітэтаў, толькі менш медыйныя. Да прыкладу, у цэнтры калоны з чырвона-зялёным сцягам стаіць актывіст прафкама Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта 20-гадовы Андрэй Майстроў (на другім фота ён у сінім спартовым касцюме).

Фота: БелТА, «УКантакце»

Каля яго стаяў і з усіх сіл «не аддаваў Беларусь» ягоны «таварыш» па няшчасці Антон Вашкевіч.

Антон Вашкевіч. Фота: СБ і «УКантакце»

А вось кіраўніца гарадзенскай «Белай Русі» Святлана Вараніца з плакатам з мінулага пікета.

Мінулага разу актывісты «Белай Русі» таксама прыкрывалі твары. Фота: БелТА

Засвяцілася Ірына Галайда, старшыня камісіі па працы з моладдзю Савета ветэранаў Кастрычніцкага раёна горада Гродна. Яна часта ходзіць на такія пікеты.

Ірына Галайда сёння і 12 кастрычніка 2022 года. Фота: БелТА

Гэтыя дзве актывісткі «Белай Русі» на першым плане таксама былі на мінулым пікеце.

Верхняе фота — 13 лютага, ніжняе — 24 лютага. Фота: СБ і БелТА

Ад гродзенскага Саюза палякаў выступае адзін пажылы мужчына — 67-гадовы Казімір Знайдзінскі, які ўзначальвае гродзенскі філіял праўладнай часткі Саюза палякаў з 2007 года.

Фота: БелТА, «Сельская газета»

Знайдзінскі — некалі вядомы футбаліст і другі ў гісторыі арбітр ФІФА з Беларусі, які цяпер узначальвае Гродзенскую спартыўную дзіцяча-юнацкую школу алімпійскага рэзерву №1. Ягоная галоўная прэтэнзія — яму будзе больш складана ездзіць на могілкі да сваякоў. 

Агулам гэтым разам пікет атрымаўся меншы па колькасці ўдзельнікаў. Невядома, колькі ў ім паўдзельнічала сапраўдных палякаў, але, калі меркаваць па фота з дзяржСМІ, гэта лічаныя людзі.

Прывезлі нават бээрсээмаўца з Зэльвы. Хто пікетаваў учора пад польскім генконсульствам у Гродне

Nashaniva.com