Беларуска ўзарвала тыкток відэа з накопленымі манетамі

Беларуска Вольга Кабава вырашыла правесці грашовы эксперымент. Цэлы год яна адкладала ў скарбонку манеты па 2 беларускія рублі. А як распакавала назбіранае ды апублікавала ў тыкток — то відэа назбірала больш за 4,7 мільёна праглядаў, піша «Камсамольская праўда».

20.02.2023 / 23:52

У папулярнай сацсетцы Вольга апублікавала некалькіх сваіх ролікаў са скарбонкай. Праз год эксперыменту жанчына адкрыла скарбонку і паказала, колькі змагла назбіраць двухрублёвых манет. Гэтае відэа набрала ў TikTok рэкордную колькасць праглядаў — 4,7 мільёна праглядаў.

@olga_kabova Попробуешь ? #деньги #копилка #2рубляяя ♬ оригинальный звук - Ольга Кабова

«Заўсёды, калі мне «прыходзілі» 2 рублі, я іх адкладвала. І так цэлы год. Самае цікавае, што я нават не адчула, што нейкіх двух рублёў мне дзесьці не хапае», — падзялілася яна сваім вопытам з падпісчыкамі.

Яшчэ жанчына параіла ўсім правесці такі эксперымент і прапанавала падпісчыкам адгадаць, якая сума ў выніку назапасілася ў двухрублёўвіках за год. 

У іншым відэа яна ўсё ж раскрыла інтрыгу і назвала суму. За год Вользе змагла адкласці 326 беларускіх рублёў.

Дарэчы, іншая карыстальніца тыктока раней ужо праводзіла падобны грашовы эксперымент. Яна збірала тыя ж двухрублёвыя манеты цягам двух гадоў і назбірала 1100 рублёў. Аднак яе відэа, хоць таксама было дастаткова папулярным (амаль 420 тысяч праглядаў), такога фурору не зрабіла. Не ўсё залежыць ад сумы.

Nashaniva.com