Крысціна Ціманоўская заваявала свой першы медаль на чэмпіянаце Польшчы

Беларуская лёгкаатлетка Крысціна Ціманоўская, якая атрымала польскае грамадзянства, заняла на чэмпіянаце Польшчы другое месца ў бегу на 60 м з вынікам 7,25 секунды, паведамляе Фонд спартыўнай салідарнасці.

19.02.2023 / 12:48

Вось як Ціманоўская сама пракаментавала сваё дасягненне:

«Я радая, што здолела паказаць добрыя секунды, але крыху расчараваная, што не палепшыла свой асабісты рэкорд. Але ў мяне ўсё наперадзе! Атрымаўся выдатны старт!»

У той жа дзень на чэмпіянаце Беларусі, дарэчы, найлепшым вынікам сярод жанчын сталі 7,43 секунды.

Крысціна Ціманоўская падчас Алімпійскіх гульняў у Токіа ў 2021 годзе раскрытыкавала кіраўніцтва беларускай каманды за тое, што яе разам з іншымі спартоўкамі хацелі паставіць бегчы эстафету на той дыстанцыі, якую яна ніколі не бегла. Пасля таго яе адхілілі ад спаборніцтваў і спрабавалі вывезці ў Беларусь, але яна адмовілася пакінуць Японію і папрасіла міжнароднай абароны. Пасля таго яна пераехала ў Польшчу, атрымала грамадзянства гэтай краіны і збіраецца яе прадстаўляць на міжнародных спаборніцтвах.

Nashaniva.com