Былога пасла Уладзіміра Астапенку завочна асудзілі на 5 год калоніі, а пасля амніставалі

Уладзімір Астапенка — былы пасол Беларусі ў Аргенціне, пасля ўдзельнік Нацыянальнага антыкрызіснага ўпраўлення і кіраўнік місіі Аб'яднанага пераходнага кабінета ў Бруселі. Яго таксама паспелі асудзіць завочна.

18.02.2023 / 22:10

Фота: Офіс Ціханоўскай

Суд Савецкага раёна Мінска прызнаў Уладзіміра Астапенку вінаватым па ч. 1 арт. 14 і ч. 3 арт. 210 Крымінальнага кодэкса (намер завалодання маёмасцю ў буйным памеры службовай асобай). Яму далі 5 гадоў пазбаўлення волі завочна і штраф у памеры 500 базавых велічынь (18500 рублёў), а таксама пазбавілі права займаць пасады, звязаныя з выкананнем арганізацыйна-распарадчых і адміністрацыйна-гаспадарчых абавязкаў, на тэрмін 5 гадоў.

Але дзіўнае іншае. Былога пасла амніставалі «ў сувязі з Днём народнага адзінства» — на адзін год.

Пад арыштам засталася маёмасць Астапенкі — зямельны надзел і садовы дом — у кошт штрафу.

Nashaniva.com