Помста за Баброўнікі. Польскаму грузавому транспарту абмяжуюць уезд у Беларусь

Рух грузавых аўтамабіляў і цягачоў, зарэгістраваных у Польшчы, будзе зараз ажыццяўляцца толькі праз беларуска-польскі ўчастак дзяржаўнай мяжы Рэспублікі Беларусь, паведаміла прэс-служба ўрада. Гэту меру прыдумалі ў адказ на нядаўняе закрыццё палякамі памежнага перахода «Баброўнікі».

17.02.2023 / 17:41

У Міністэрства замежных спраў у сувязі з гэтым 17 лютага быў выкліканы часовы павераны ў справах Польшчы ў Беларусі Кшыштаф Ажана.

«Намі зменены рэжым перамяшчэння польскіх грузаперавозчыкаў. З гэтага часу яны змогуць уязджаць на тэрыторыю Рэспублікі Беларусь і пакідаць яе праз любы грузавы пункт пропуску, аднак выключна на беларуска-польскім участку мяжы», — заявілі ў МЗС.

Пасля закрыцця «Баброўнікаў» такіх пунктаў на беларуска-польскай мяжы засталося толькі два. А вось з боку Літвы ці Латвіі грузавікі з польскімі нумарамі заехаць цяпер у Беларусь не змогуць.

Таксама польскаму дыпламату было прапанавана прывесці да колькаснага парытэту з колькасцю супрацоўнікаў Генеральнага консульства Беларусі ў Беластоку штат Генеральнага консульства Польшчы ў Гродне. Акрамя таго, рэжым Лукашэнкі не бачыць сэнсу далейшага знаходжання на тэрыторыі Беларусі афіцэра сувязі памежнай службы Польшчы.

Nashaniva.com