Брытанская разведка: Расійскім сілам загадваюць наступаць, але ў іх няма дастатковай баявой моцы для гэтага

У штодзённай зводцы брытанскай разведкі ў аўторак гаворыцца пра нязначныя прасоўванні расійскіх сіл у Данбасе.

14.02.2023 / 10:21

Фота: Andriy Andriyenko / AP

За апошнія тры дні сілы групы наймітаў «Вагнер» амаль дамагліся новых невялікіх поспехаў на паўночнай ускраіне Бахмута, у тым ліку ўвайшлі ў сяло Красная Гара.

Аднак украінскія сілы працягваюць арганізаваную абарону ў гэтым раёне. Тактычнае наступленне расійскіх войскаў на поўдзень ад горада, верагодна, не прывяло да значнага прагрэсу; На поўначы, у сектары Крамянная — Сватава Луганскай вобласці расійскія сілы рабілі спробы пачаць наступальныя аперацыі, аднак гэтыя невялікія атакі не прывялі да прыкметных поспехаў.

Верагодна, Расія імкнецца адыграць некаторыя поспехі, дасягнутыя ўкраінскімі сіламі ў верасні—лістападзе 2022 года, напрыклад, існуе рэальная магчымасць таго, што іх найбліжэйшай мэтай з'яўляецца прасоўванне на захад да ракі Жарабец.

У цэлым, бягучая аператыўная сітуацыя сведчыць пра тое, што расійскія сілы атрымліваюць загады прасоўвацца ў большасці сектараў, але не маюць дастатковай наступальнай баявой моцы на якім-небудзь кірунку, каб дасягнуць значнага эфекту.

Nashaniva.com