У Крычаўскім раёне мужчына забіў сваю сужыцельку падчас замочвання вяртання з турмы

Увечары 28 студзеня ў аграгарадку Бацвінаўка Крычаўскага раёна сужыцелі вырашылі адзначыць вызваленне 61-гадовага гаспадара дома з месцаў пазбаўлення волі. Быў святочны стол з алкаголем. Аднак падчас застолля пара пасварылася, паведамляе Упраўленне Следчага камітэта па Магілёўскай вобласці.

13.02.2023 / 21:35

Моцна п'яны мужчына ў пэўны момант ударыў сужыцельку па твары, тая ў сваю чаргу схапілася за нож. Нібыта спрабуючы адабраць яго, гаспадар дома прычыніў жанчыне пашкоджанні, якія, як высветлілася пазней, сталі смяротнымі.

Адразу былы зняволены не ўсвядоміў усю сур'ёзнасць сітуацыі і пайшоў спаць, а раніцай выявіў цела сужыцелькі ў лужыне крыві на падлозе. Зразумеўшы, што жанчына памерла, ён пабег да суседзяў, каб тыя выклікалі міліцыю. Мужчыну затрымалі.

Судмедэксперты высветлілі, што жанчына памерла ад вялікай страты крыві, прычынай якой сталі пяць рэзаных раненняў рук з пашкоджаннем буйных крывяносных сасудаў.

Сужыцелю загінулай выстаўлена абвінавачванне па ч. 3 арт. 147 КК Беларусі (наўмыснае прычыненне цяжкага цялеснага пашкоджання, здзейсненае паўторна, што пацягнула па неасцярожнасці смерць пацярпелага). Ён узяты пад варту.

Раней падазраваны ўжо быў судзімы за наўмыснае прычыненне цяжкага цялеснага пашкоджання гэтай самай жанчыне, а таксама за катаванне і пагрозу ёй забойствам.

Nashaniva.com