Сын прапагандыста Салаўёва жыве ў Лондане. Яго бацька заклікаў бамбіць горад

У інтэрнэце ўсплыло новае фота Данііла Салаўёва, аднаго з васьмі дзяцей вядомага расійскага прапагандыста Уладзіміра Салаўёва. На здымку 22-гадовы Данііл пазіруе з макіяжам і манікюрам. 

13.02.2023 / 12:10

Карыстальнікі Twitter пажартавалі, што ён мог падпісаць кантракт з мадэльным агенцтвам. Пост стаў вірусным, піша выданне focus.ua.

«Сын Уладзіміра Салаўёва Данііл Салаўёў распавёў, што пакуль не можа падпісаць кантракт з Міністэрствам абароны Расіі і адправіцца на абарону Данбаса, бо ў яго ўжо падпісаны кантракт з лонданскім мадэльным агенцтвам», — сказана ў гумарыстычным твіце. Ён з'явіўся на фоне заяў Салаўёва-старэйшага пра тое, што на вайну ва Украіне трэба адпраўляць салдат тэрміновай службы.

Тэлевядучы таксама вядомы сваімі рэзкімі заявамі супраць ЕС і ЗША, таксама на сваім шоу ён заклікаў ударыць па еўрапейскіх сталіцах ракетамі. «Берлін, Парыж, Лондан і Брусель гатовыя гарэць ад удараў нашых ракет? А калі спатрэбіцца — ад выкарыстання тактычнай ядзернай зброі?» — пытаўся Салаўёў у эфіры.

Фота Данііла Салаўёва, якое разышлося па сетцы, было зроблена ў рамках рэкламнай кампаніі салона прыгажосці «Кантора Уладзіслава Лісаўца». Салон папулярны сярод расійскага бамонду, сярод яго кліентак — Крысціна Арбакайце.

Ва Уладзіміра Салаўёва васьмёра дзяцей, у тым ліку яшчэ два сыны прызыўнога ўзросту, але яны, як відаць, на фронт не спяшаюцца.

Данііл — сын Салаўёва ад яго трэцяга шлюбу з мадэллю Эльгай Сэп, дачкой гумарыста Віктара Каклюшкіна. Пра яго вядома толькі тое, што ён скончыў прэстыжную Ламаносаўскую школу ў Маскве.

Пра 34-гадовага Аляксандра Салаўёва, сына вядучага ад першага шлюбу, вядома больш: ён з 18 гадоў вучыўся ў Лондане на рэжысёра. У Расіі Аляксандр Салаўёў здымае рэкламныя ролікі. У прыватнасці, ён здымаў рэкламу для дзяржаўнага Сбербанка.

Nashaniva.com