«Гісторыя пакажа, хто больш робіць для міру». Кіраўнік Міжнароднага алімпійскага камітэта просіць палітыкаў не лезці ў спорт

На думку кіраўніка Міжнароднага алімпійскага камітэта (МАК) Томаса Баха, урады не могуць прымаць рашэнні наконт таго, якія спартсмены і ў якіх спаборніцтвах могуць удзельнічаць. Гэта пакладзе канец міжнародным спартовым турнірам, чэмпіянатам свету і Алімпійскім гульням у цяперашнім выглядзе, заявіў ён 12 лютага на чэмпіянаце свету па гарналыжным спорце ў Куршавеле, перадае «Нямецкая хваля».

12.02.2023 / 21:13

У 2024 годзе летнія Алімпійскія гульні пройдуць у Парыжы. Фота AP

Рашэнне аб удзеле спартсменаў з РФ і Беларусі ў міжнародных спаборніцтвах не павінна залежаць ад пазіцый урадаў, падкрэсліў Бах, адказаўшы такім чынам на заклік міністраў больш чым 30 краін, якія выступілі супраць удзелу расійскіх і беларускіх спартсменаў у Алімпіядзе.

«Гісторыя пакажа, хто больш робіць для міру — тыя, хто спрабуе трымаць межы адчыненымі і камунікаваць, або тыя, хто хоча ізаляваць і расколваць»,

— дадаў ён і ў чарговы раз падкрэсліў «місію міру», якую павінен несці МАК. Адначасова Бах заўважыў, што яго арганізацыя падзяляе «гора і чалавечыя пакуты» ўкраінскіх спартоўцаў і прыкладае значныя намаганні, каб дапамагчы ім.

Беларускі фонд спартовай салідарнасці накіраваў у МАК заяву супраць допуску праўладных спартоўцаў на Алімпіяду

Nashaniva.com