Яшчэ дзве ўкраінскія кампаніі закрылі прадстаўніцтвы ў Беларусі

У Мінгарвыканкаме ў студзені прынялі заявы аб закрыцці беларускіх прадстаўніцтваў ад кіраўніцтва Кіеўскага вітаміннага і Палогаўскага маслаэкстракцыйнага заводаў. З пачатку ваенных дзеянняў ва Украіне аб спыненні дзейнасці на тэрыторыі Беларусі заявілі звыш за дзясятак бізнэсаў з суседняй краіны, паведамляе Office Life.

12.02.2023 / 14:04

Офіс Кіеўскага вітаміннага завода адкрыўся ў Беларусі ў 2011 годзе. На той момант ён быў першым замежным прадстаўніцтвам фармвытворцы, бо да гэтага сваю прадукцыю (вітаміны, лекавыя прэпараты, харчовыя дадаткі і ветпрэпараты) ён прадаваў толькі праз дыстрыб'ютараў.

Прадукцыя Палогаўскага маслаэкстракцыйнага завода вядомая беларускім спажыўцам па гандлёвай марцы «Славія». У 2020-2021 гадах завод уваходзіў у топ-14 украінскіх вытворцаў сланечнікавага алею. У сакавіку 2022 года горад Палогі разам з некаторымі іншымі населенымі пунктамі Запарожскай вобласці быў захоплены расійскімі войскамі, а завод падчас баявых дзеянняў быў часткова разбураны.

Nashaniva.com