Расія зноў вядзе масіраваны абстрэл Украіны

З розных рэгіёнаў Украіны прыходзяць паведамленні аб выбухах.

10.02.2023 / 12:34

Выбухі гучаць і ў Кіеве.

«Масіраваная работа СПА ў Кіеве. За вылікам гэтага ў горадзе незвычайна ціха, як перад навальніцай», — напісала ў твітары дэпутат Вярхоўнай Рады Леся Васіленка. Карэспандэнт брытанскай газеты Guardian Люк Хардынг таксама піша пра гукі, падобныя да працы СПА.

Мэр Кіева Віталь Клічко паведамляе, што абломкі ракеты пашкодзілі аўтамабіль і дах прыватнага дома ў Галасееўскім раёне горада. «Ракетная атака працягваецца. Заставайцеся ў сховішчах!» — заклікаў кіраўнік горада.

Таксама паведамляецца пра выбухі ў Крывым Рогу, Палтаўскай, Кіраваградскай і Харкаўскай абласцях.

Паводле інфармацыі «Укрэнерга», ёсць траплянні ў некалькі энергааб'ектаў ва ўсходнім, заходнім і паўднёвым рэгіёнах Украіны. З-за гэтага ў некаторых абласцях назіраюцца перабоі з электразабеспячэннем. Для мінімізацыі рызыкі сур'ёзных наступстваў у абласцях пачаліся аварыйныя адключэнні.

Nashaniva.com