Мінчук скінуў мужчыну з лесвіцы ў пераходзе метро. Яго знайшлі па запісах відэакамер

У Мінску адбылася бойка ў пераходзе станцыі метро «Каменная горка». Адзін мужчына скінуў другога з лесвіцы і збег з месца здарэння, паведамляе ГУУС Менгарвыканкама. А знайшлі яго дзякуючы сістэме сачэння.

02.02.2023 / 23:25

1 лютага ў пераходзе станцыі метро «Каменная горка» у Мінску пабіліся два мужчыны. У выніку адзін з іх скінуў свайго апанента са сходаў і ўцёк. На запісе камеры відэаназірання бачна, як мужчына ўпаў і ляжаў без прытомнасці.

У мінскай міліцыі паведамілі, што мужчыну знайшлі пры дапамозе рэспубліканскай сістэмы маніторынгу грамадскай бяспекі — яе цяпер абслугоўвае «Белтэлекам». 

Удзельніка бойкі затрымалі ля Цэнтральнага аўтавакзала, з якога 25-гадовы мінчук нібыта збіраўся выехаць за мяжу.

Пра стан пацярпелага нічога не паведамляецца.

Nashaniva.com