«Спыніцца і сысці». Лаўроў атрымаў пасланне ад Блінкена

Міністр замежных спраў Расіі Сяргей Лаўроў паведаміў, што нібыта атрымаў праз кіраўніка МЗС Егіпта Самеха Шукры пасланне ад дзяржсакратара ЗША Энтані Блінкена. Сэнс яго, па словах Лаўрова, у тым, што Расія павінна сысці з Украіны.

31.01.2023 / 22:47

Сяргей Лаўроў

«Мы заўсёды казалі, што Расія гатовая выслухаць любую сур'ёзную, я падкрэслю гэта слова, прапанову, якая накіраваная на ўрэгуляванне ўсёй цяперашняй сітуацыі ў яе ўсёахопным кантэксце.

У сувязі з гэтым мы пачулі ў чарговы раз перададзенае праз спадара міністра пасланне аб тым, што Расія павінна спыніцца, Расія павінна сысці, і тады ўсё будзе добра»,— сказаў Лаўроў.

«Сапраўдныя» ж жаданні Блінкена, на думку расійскага міністра, выказаў генеральны сакратар НАТА Енс Столтэнберг падчас свайго візіту ў Паўднёвую Карэю.

«Ён у адным са сваіх выступаў сказаў, што Расія павінна прайграць, Расія павінна быць паваленая, а Захад не можа дапусціць, каб Украіна прайграла, таму што тады Захад прайграе. І прайграе, сказаў Столтэнберг, увесь свет», — адзначыў Сяргей Лаўроў. 

Падчас візіту ў Паўднёвую Карэю 29 студзеня Енс Столтэнберг сапраўды заявіў, што перамога Расіі па выніках ваеннага канфлікту стане трагедыяй не толькі для ўкраінцаў, але і для ўсяго свету. 

Nashaniva.com