У Польшчы адкрылі «энергетычны хаб» для паставак ва Украіну

27.01.2023 / 08:31

Член Еўракамісіі Янез Ленарчыч і прэм'ер-міністр Польшчы Матэвуш Маравецкі ў чацвер урачыста адкрылі недалёка ад Варшавы «энергетычны хаб» ЕС — лагістычны вузел, праз які ва Украіну будуць перапраўляцца ў першую чаргу электрагенератары.

Служба грамадзянскай абароны і гуманітарнай дапамогі Еўрасаюза (rescEU) у прэс-рэлізе аб адкрыцці хаба нагадвае, што дастаўку генератараў ва Украіну будзе цалкам аплачваць Еўрасаюз.

У хабе будзе створаны запас генератараў, якія будуць перапраўляцца ва Украіну па меры неабходнасці.

«Паколькі Расія працягвае наўмысна біць па грамадзянскіх цэлях, гэты запас у хабе rescEU стане для Украіны жыццёва важнай крыніцай паставак у надзвычайных сітуацыях у энергетыцы», — напісаў у твітары еўракамісар Янез Ленарчыч.

Nashaniva.com