У баранавіцкай школе настаўніца дала аплявуху вучню. Бацькі сталі на бок настаўніцы

У адной з сацыяльных сетак зʼявілася відэа, на якое патрапіў канфлікт настаўніцы з вучнем. Спачатку настаўніца адчытвае за нешта школьніка, чуваць, што яна ў моцнай эмацыйнай узрушанасці. А затым, мяркуючы па гуку (на відэа гэтага няма), дае яму аплявуху, піша «Наш край».

20.01.2023 / 15:01

На запісе пазначана, што інцыдэнт адбыўся ў сярэдняй школе №17 горада Баранавічы.

Па каментары «Наш край» звярнуўся да начальніцы ўпраўлення па адукацыі Баранавіцкага гарвыканкама Таццяны Шастак.

— На жаль, гэты выпадак сапраўды быў, ён адбыўся вясной мінулага года, — распавяла Шастак. — Магу сказаць, што інцыдэнт неадназначны. Да высвятлення ўсіх абставінаў здарэння настаўнік часова адхілена ад працы.

Бацькі ж школьніка прынялі бок настаўніцы.

— Я заўсёды буду на баку педагога, я выдатна разумею, якія складаныя зараз дзеці, як многа яны сабе дазваляюць, — выказалася мама. — Сын распавёў мне пра тое, што пасварыўся з класнай, яшчэ тады, у маі. Аднак аб прычыне змаўчаў. Пра гэта стала вядома ўжо цяпер. Я разумею, што ён сам вінаваты ў гэтым канфлікце, што ён яе справакаваў. Ён па характары гарэза, ды яшчэ і пераходны ўзрост накладвае свой адбітак на паводзіны. Я чула, што настаўніцу адхілілі ад працы, і справа можа дайсці да звальнення. Хачу сказаць, што мы з бацькам катэгарычна супраць гэтага. І, калі дойдзе да звальнення, будзем пісаць лісты ў абарону педагога.

Сам школьнік, які ўдзельнічаў у канфлікце на відэа, сказаў, што хацеў бы, каб пра выпадак не было вядома.

— Калі шчыра, я не думаў пра тое, што ў той гісторыі могуць быць такія наступствы, што пра гэта стане так шырока вядома, — сказаў ён. — Сёння я шкадую, што справакаваў канфлікт. Такая «слава» не патрэбна ні мне, ні настаўніку, ні нашай школе.

Nashaniva.com