Мазырчук атрымаў тры гады калоніі за перасылку відэа з расійскімі вайскоўцамі. Яго затрымалі па вяртанні з Польшчы

Стаў вядомы прысуд жыхару Мазыра Вадзіму Баранаву, якога абвінавацілі ў садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці за тое, што ён зняў відэа расійскай вайсковай тэхнікі падчас нападу Расіі на Украіну з боку Беларусі і хацеў пераслаць некаторым тэлеграм-каналам, паведамляе «Вясна».

19.01.2023 / 09:01

Справу мазыраніна разглядаў суддзя Гомельскага абласнога суда Руслан Царук. У віну Вадзіму ставілі садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці паводле ч. 1 і ч. 2 арт. 361-4 Крымінальнага кодэкса.

Паводле версіі абвінавачання, Вадзім Баранаў «меў намер на садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці і 26.02.2022 здымаў на відэа перамяшчэнне ваенізаваных падраздзяленняў неўстаноўленай дзяржавы для перадачы даных у тэлеграм-каналы, прызнаныя экстрэмісцкімі, чым аказаў садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці, тым самым здзейсніў злачынства па ч. 1, арт. 361-4, а таксама неаднаразова перадаваў звесткі аб перамяшчэнні ваеннай тэхнікі ў красавіку 2022 г., тым самым здзейсніў злачынства, прадугледжанае ч. 2 арт.361-4».

У судовым працэсе абвінавачаны прызнаў віну і патлумачыў, што зняў відэа з акна ўласнага дома і сапраўды пераслаў яго ў паблік. Пра тое, што паблік прызнаны «экстрэмісцкім», Вадзім не ведаў. Мужчына таксама патлумачыў, што проста хацеў «паказаць людзям, колькі ў нас з'явілася вайсковай тэхнікі». Таксама Вадзім адзначыў, што калі б ведаў, што здымка тэхнікі зʼяўляецца злачынствам — то ніколі гэтага не рабіў бы.

Суддзя Царук пастанавіў пакараць Вадзіма Баранава пазбаўленнем волі ў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму тэрмінам на тры гады, а тэлефон, з дапамогай якога «ажыццяўлялася злачынства», канфіскаваць.

Вадзіма Баранава затрымалі пасля вяртання з Польшчы. У міліцыі яго збілі, сапсавалі дакументы і канфіскавалі мабільны тэлефон. 

Nashaniva.com